Беларуская Служба

Памёр вядомы польскі гісторык, палітолаг, публіцыст Ежы Таргальскі

19.09.2021 11:13
У 2006-2009 гадах ён быў членам праўлення Польскага радыё, дырэктарам Польскага радыё для Замежжа.
Ежы Таргальскі PAP/Rafał Guz

19 верасня 2021 года памёр Ежы Таргальскі (Jerzy Targalski) – гісторык, доктар гуманітарных навук, палітолаг, публіцыст, каментатар і дзеяч апазіцыі часоў Польскай Народнай Рэспублікі.

Ежы Таргальскі быў аўтарам вядомай серыі кнігаў: «Намэнклятурныя дзеці» («Resortowe Dzieci») пра спадчыну камуністычных часоў, якая пранізвае грамадскую структуру сённяшняга жыцця; выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта, членам праўлення грамадскага Польскага радыё.

У 2020 годзе ён быў узнагароджаны Крыжам свабоды і салідарнасці і Камандорскім крыжам ордэна адраджэння Польшчы. Ён быў пастаянным каментатарам Польскага радыё 24.

Навукова Ежы Таргальскі займаўся пытаннямі сістэмных пераўтварэнняў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе напрыканцы 1980 -х і пачатку 1990 -х гадоў, асабліва роляй, якую адыгрываюць у гэтых пераўтварэннях спецслужбы. Ён неаднаразова звяртаў увагу на пагрозы, звязаныя з празмернай роляй супрацоўнікаў Службы бяспекі і Службы ваеннай інфармацыі і іх сакрэтных супрацоўнікаў у палітычным і эканамічным жыцці Польшчы пасля палітычных пераўтварэнняў у 1989 годзе.

Ён быў прыхільнікам люстрацыі і дэкамунізацыі.

З 1976 года ён супрацоўнічаў з Камітэтам абароны рабочых, удзельнічаў у зборы сродкаў для рэпрэсаваных, распаўсюджваў незалежныя часопісы, з 1977 г. супрацоўнічаў з выданнем «Głos» і выдавецтвам «Krąg». Удзельнічаў у заснаванні выданняў «Niepodległość» і «Obóz«. Пісаў пад псеўданімам Юзэф Дарскі.

Пасля ўвядзення ваеннага становішча ён хаваўся і да 1983 года дзейнічаў у падполлі. Потым, да 1997 года, ён жыў у эміграцыі ў Францыі. Супрацоўнічаў з выданнем «Кантакт» і парыжскай «Культурай».

У 1987-1988 гадах быў супрацоўнікам Польскай службы Радыё Свабодная Еўропа, для якой пісаў праграмы «У нашых суседзяў». З 1978 па 1989 год знаходзіўся пад наглядам СБ. Пасля вяртання з эміграцыі, у 1998-2000 гадах, быў дырэктарам і галоўным рэдактарам PAI-Press, а ў перыяд 2000-2001- дырэктарам PAI-Internet.

У 2006-2009 гадах быў членам праўлення Польскага радыё, дырэктарам Польскага радыё для Замежжа. Ён супрацоўнічаў з выданнем «Gazeta Polska» і быў частым госцем на тэлебачанні «Рэспубліка» і каментатарам TVP Info. Акрамя таго, ён праводзіў заняткі ва Факультэце Усходнееўрапейскіх даследаваннях у Варшаўскім універсітэце. Ён быў сузаснавальнікам інтэрнэт-партала ABCnet і фонду «Арыентацыя».

Разам з суаўтарамі выдання «Намэнклятурныя дзеці. Службы» ў 2015 годзе Ежы Таргальскі атрымаў Галоўную прэмію за свабоду слова, якую прысуджае Асацыяцыя польскіх журналістаў.

Апроч сваёй грамадскай і навуковай дзейнасці Ежы Таргальскі быў вядомы бязмежнай любоўю да катоў. Ён меў адразу некалькі котак, якія нярэдка з'яўляліся ў тэлеэфірах з удзелам свайго гаспадара.

IAR/аз

Эксперт па міжнародных справах: Прапагандысцкая атака Расіі на Польшчу ставіць за мэту зняцце адказнасці з Германіі

17.01.2020 12:58
Ежы Таргальскі заявы Расіі з'яўляюцца элементам гульні з Еўропай.

Палітолаг Ежы Таргальскі ўзнагароджаны Ордэнам адраджэння Польшчы

21.12.2020 12:04
Галіна яго зацікаўленняў – перш за ўсё краіны Усходняй Еўропы: Украіна, Расія і Беларусь.

Палітолаг Ежы Таргальскі: Расія пры Пуціне будзе гніць, як Савецкі Саюз гніў пры Брэжневе

07.04.2021 15:00
Польскі Палітолаг Ежы Таргальскі сцвярджае, што мы маем справу з расколам у блоку НАТА ў дачыненні да ваеннага канфлікту ва Украіне.