Беларуская Служба

Як патрапіць на беларускія спеўна-танцавальныя вечарыны ў Варшаве

11.10.2021 16:46
У Варшаве распачаўся сезон беларускіх спеўна-танцавальных вечарын.
Аўдыё
     (  )
Таццяна Грыневіч і Дзяніс Шматко (гурт «Літы талер»)Фота: Вольга Хвоін / radyjo.net

Ініцыятыва Ambasada Muzyki Tradycyjnej i Dom Tańca сумесна з беларускімі музыкамі распачалі беларускія спеўна-танцавальныя вечарыны ў Варшаве ŻYWA MUZYKA BIAŁORUSI. Расказваем, хто арганізатар і як патрапіць на гэтыя сустрэчы.

У Варшаве распачаўся сезон беларускіх спеўна-танцавальных вечарын. Першую імпрэзу зладзілі музыка Сяргей Доўгушаў, музыкі калектываў Lity Taler і Javaryna, а таксама спявачка, музыка Таццяна Грыневіч.

Сяргей Доўгушаў у Беларусі добра вядомы як папулярызатар традыцыйных спеваў. Гэты ж фармат ён хоча зрабіць вядомым і ў Варшаве.

Сяргей Доўгушаў: Новы кірунак, які я пачаў рабіць у Варшаве, хаця для Беларусі гэта не новы фармат, – спеўна-танцавальныя вечары. Сёння адбываюцца танцы з гуртамі Lity Taler і  Javaryna, далучылася музыка Таццяна Грыневіч. А з аўторка мы распачынаем цыкл беларускіх танцаў і спеваў, якія будуць адбывацца ў Амбасадзе музыкі традыцыйнай з удзелам розных прадстаўнікоў беларускай і польскай культуры.

На першую сустрэчу прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек. Цікава, што гэта былі не толькі беларусы. Жыхары Варшавы з імпэтам спявалі і танчылі беларускія танцы.

Таццяна Грыневіч — прафесійная музыка, была супрацоўніцай беларускай Філармоніі. У 2020 годзе яна актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, калі пачаліся рэпрэсіі і масавыя затрыманні, Таццяна з’ехала з краіны. Цяпер яна мае своеасаблівы гастрольны тур па Польшчы.

Таццяна Грыневіч: Я даехала ў Люблін, мы на плошчы там паспявалі, патанчылі. Як я зразумела, беларусы Любліна вельмі натхніліся і сказалі, так, трэба часцей збірацца. Бо, кажу, я ж не магу да вас прыязджаць кожны раз са Стамбула. Можна і вечарынкі танцаў, спеваў арганізоўваць. Галоўнае, узяць арганізацыю ў свае рукі і ўсё атрымаецца.

Спадарыня Таццяна кажа, што часта сустракае на музычных імпрэзах у Польшчы людзей, якія прыходзілі на яе канцэрты ў Беларусі. Гэта нашы людзі, падкрэслівае музыка.

Таццяна Грыневіч: Я магу сказаць, што атмасфера вельмі добрая. Першы канцэрт, які быў у Варшаве – і ў залі плакалі, і я. Гэта сапраўды вельмі цяжка, так апынуцца. Я пачынаю спяваць, гляджу ў зал – вочы чырвоныя, слёзы на вачах. І мне падступаюць слёзы да горла. Першы канцэрт быў вельмі цяжкі, пасля прызвычаілася. І песні, якія спяваю, вельмі слёзныя – «Аксамітны летні вечар», «Мой родны кут».

Наступная спеўна-танцавальная сустрэча адбудзецца 12 кастрычніка, у аўторак, а 18:00 гадзіне па адрасе Warszawa, ul. Jazdów, domek nr 3/20. Падрабязны анонс можна знайсці ў профілі на Facebook ŻYWA MUZYKA BIAŁORUSI

вх