Двух журналістаў RT France (філіял Russia Today у Францыі) затрымалі на тэрыторыі Польшчы ў населеным пункце Уснаж-Гурны ў зоне дзеяння надзвычайнага становішча. Гэтую інфармацыю пацвердзіў парталу tvp.info прадстаўнік Падляскага аддзялення паліцыі Томаш Крупа.
Паліцыя затрымала двух мужчын 15 лістапада на досвітку паблізу месца, дзе быў размешчаны першы лагер мігрантаў.
Аказалася, што гэта журналісты RT France. «Яны паведамілі ў паліцыю, што з'яўляюцца журналістамі RT France, і што маюць ва Уснажы расстаўленае тэхнічнае абсталяванне. Тлумачылі, што прыехалі зрабіць рэпартаж з зоны, дзе дзейнічае надзвычайнае становішча», паведамілі ў падляскай паліцыі.
Мужчыны не мелі дазволу памежнай службы на ўезд на тэрыторыю, ахопленую рэжымам надзвычайнага становішча. Зараз праводзяцца дзеянні з удзелам затрыманых.
RT France – гэта французская версія падкантрольнага Расіі інфармацыйнага канала RT (раней – Russia Today).
У пачатку верасня абвінавачванне ў сувязі са знаходжаннем у зоне дзеяння надзвычайнага становішча пачулі двое супрацоўнікаў партала Onet. А ў пачатку кастрычніка паліцыя затрымала трох журналістаў тэлебачання ARTE пасля таго, як яны заехалі ў зону надзвычайнага становішча.
У адпаведнасці з Палажэннем аб увядзенні надзвычайнага становішча, на тэрыторыі, дзе яно дзейнічае, забараняецца знаходжанне ўсіх апроч тых, хто там пражывае або працуе, выключэнне тычыцца экстраных службаў, паліцыі, памежнай варты і войска.
эж