Украіне патрэбна міратворчая місія НАТА або місія больш шырокай міжнароднай дамовы, заявіў польскі віцэ-прэм'ер, лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў Кіеве пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Нагадваем, учора ў Кіеве пабывала міжнародная дэлегацыя, у якой прынялі ўдзел таксама прэмʼер Польшчы Матэвуш Маравецкі, прэмʼер Чэхіі Петр Фіала і Славеніі Янез Янша.
«Патрэбная міратворчая місія НАТА, магчыма, місія нейкай больш шырокай міжнароднай дамовы. Гэта павінна быць місія, якая таксама зможа абараніць сябе. Місія, якая будзе дзейнічаць ва Украіне; быць на тэрыторыі Украіны са згоды яе ўладаў. Такая місія будзе імкнуцца да захавання міру і аказання гуманітарнай дапамогі, але ў той жа час яна будзе ахоўвацца ўзброенымі сіламі», – сказаў Яраслаў Качыньскі.
У сваю чаргу прэмʼер Матэвуш Маравецкі заявіў, што Еўропа без Украіны будзе сімвалам правалу, слабасці і прыніжэння. Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што Украіна, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй, абараняе найважнейшыя еўрапейскія каштоўнасці.
IAR/аз