Беларуская Служба

Дэпутат кіроўнай партыі: Варта падсумаваць страты, якія Расія прычыніла Польшчы падчас вайны

04.10.2022 12:03
Учора Польшча перадала Германіі дыпламатычную ноту аб кампенсацыі стратаў, нанесеных Польшчы падчас Другой сусветнай вайны.
Дэпутат кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Аркадыюш Мулярчык PAP/Radek Pietruszka

Дэпутат кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Аркадыюш Мулярчык сказаў, што варта падсумаваць страты, якія панесла Польшча падчас Другой сусветнай вайны ў выніку дзеянняў Савецкага Саюза. Палітык падкрэсліў, што найперш трэба вырашыць пытанне рэпарацый з немцамі. Аркадыюш Мулярчык(Arkadiusz Mularczyk) сказаў, што цяпер складана было б патрабаваць рэпарацый у Расіі, але, як ён падкрэсліў, варта быць гатовым:

- Спачатку трэба ацаніць гэтыя страты, бо гэтым да гэтай пары ніхто не займаўся. Прыйдзе час зрабіць такое падсумаванне. Вядома, цяжка будзе атрымаць такія рэпарацыі, але я лічу, што варта рыхтаваць ацэнкі стратаў і чакаць зручнага моманту.

Учора міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау падпісаў дыпламатычную ноту аб ваенных рэпарацыях, якая будзе перададзеная нямецкай дыпламатыі. Гэта чарговы крок польскага ўраду з мэтай патрабавання ў Германіі ваенных рэпарацый.

На пачатку верасня польскі ўрад прадставіў справаздачу аб стратах, панесеных Польшчай падчас Другой сусветнай вайны па віне Германіі. Яго падрыхтаваў калектыў пад кіраўніцтвам Аркадыюша Мулярчыка. Аўтары дакумента падлічылі, што страты Польшчы склалі больш за 6 трыльёнаў 220 мільярдаў злотых ( гэта каля аднаго трыльёна 291 мільярда еўра).

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк паведаміў, што ваенныя рэпарацыі будуць адной з галоўных тэмаў сённяшняй сустрэчы кіраўніка нямецкай дыпламатыі Аналены Бэрбак з кіраўніком польскага МЗС у Варшаве.

IAR/аз

Польскае МЗС: Мы чакаем канструктыўнай дыскусіі з Германіяй аб рэпарацыях

13.09.2022 11:33
Частка палітычнага асяроддзя ў Германіі лічыла, што слоўнае пакаянне вырашае пытанне вайны, лічыць віцэ-міністр польскага МЗС Марцін Пшыдач.