Беларуская Служба

Сёння на фестывалі Eufonie у Варшаве канцэрт з украінскай музыкай

24.11.2022 09:45
Прагучаць тры творы ўкраінскіх выканаўцаў, у тым ліку польская прэм'ера сімфоніі №8 Валянціна Сільвестрава.
IV       Eufonie
IV фестываль музыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Eufoniehttps://www.eufonie.pl/

На фестывалі музыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Eufonie сёння прагучаць тры творы ўкраінскіх выканаўцаў, у тым ліку польская прэм'ера сімфоніі №8 Валянціна Сільвестрава.

Увечары а 19.30 польскага часу ў Варшаўскай філармоніі выступіць Сімфанічны аркестр Польскага радыё пад кіраўніцтвам Анджэя Барэйкі. Дырыжор падкрэсліў, што высока цэніць творчасць Валянціна Сільвестрава.

- Маэстра Сільвестраў, які нядаўна ў Берліне атрымаў найбольш прэстыжную ўзнагароду ў галіне класічнай музыкі Opus Klassik, прыедзе адмыслова на наш фестываль. А сімфонія, якую мы зайграем, будзе чарговай праявай нашай салідарнасці з Украінай. Таксама гэта падзея для ўкраінцаў у Польшчы. Мы аказваем шматлікую падтрымку украінскім артыстам, але адначасова імкнемся даць культурную прапанову для ўкраінскіх бежанцаў.

У праграме канцэрта таксама кампазіцыя Алега Безбародкі «Carpe diem. Калі б Бетховен жыў у Адэсе» і Канцэрт для фартэпіяна «Славянскі канцэрт» Барыса Ляташынскага, які лічыцца бацькам сучаснай украінскай школы кампазіцыі.

Паслухаць канцэрт можна на Другой праграме Польскага радыё, якое выступае медыйным патранатам мерапрыемства.

Фестываль Eufonie працягнецца да суботы (26.11). На завяршэнне – канцэрт «Фузіяфонія. Музыка ўкраінскай зямлі», які спалучае ўкраінскі фальклор з джазам, класікай і электронікай.

IAR/яс