Беларуская Служба

Польская армія можа стаць самай вялікай у Еўропе – міністр абароны

26.03.2023 15:55
Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што польская армія неўзабаве можа стаць самай вялікай у Еўропе.
-
Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак PAP/Piotr Polak

Пра гэта ён сказаў у суботу падчас лекцыі ў Акадэміі сацыяльнай і медыйнай культуры ў горадзе Торунь.

«Калі мы завершым нашы дзеянні, калі зможам іх бесперашкодна рэалізаваць пасля восеньскіх выбараў, то ў хуткім часе польскія сухапутныя войскі будуць наймацнейшымі ў Еўропе. Так, мы будзем паслядоўна гэтага дабівацца. Не таму, што хочам на кагосьці напасці. Такім чынам, што мы хочам эфектыўна адпудзіць агрэсара», – сказаў Марыюш Блашчак.

Як ён адзначыў, Польшча павінна зрабіць высновы з вайны ва Украіне. Паводле яго слоў, сёння польскае войска разам з Войскамі тэрытарыяльнай абароны налічвае 160 тысяч вайскоўцаў.

Раней кіраўнік Мінабароны заяўляў, што яго мэта – павялічыць колькасць арміі да 300 тысяч вайскоўцаў.

Нагадаем, Польшча пачала будаваць умацаванні на мяжы з Беларуссю, у тым ліку ўстанаўліваць супрацьтанкавыя вожыкі.

У лютым пачалося будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы з Калінінградскай вобласцю.

IAR / вх