Беларуская Служба

Ціханоўская на Днях салідарнасці ў Кракаве: «Я веру, што для беларусаў нічога не страчана»

04.06.2023 16:57
Беларусь жывая, пакуль жывыя людзі, якія размаўляюць і твораць на беларускай мове.
:
Фота: Казімір Шчадковіч

У Кракаве сёння працягваюцца Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні». Праходзіць кніжны кірмаш беларускіх выданняў, адбываюцца глыбокія і змястоўныя дыспуты пра будучыню беларускай культуры, пра культурніцкі супраціў, праходзяць прэзентацыі новых кніг і сустрэчы з аўтарамі папулярных беларускіх выданняў. Перад удзельнікамі імпрэзы выступіла лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

Пад час мерапрыемстваў дзён салідарнасці «Культура ў эміграцыі» увесь час канферэнц-зала на кракаўскай Віле Дэц'юша была поўная, а на момант выступу Святланы Ціханоўскай жадаючыя яе паслухаць запоўнілі нават вялізны хол перад залай. Лідарка дэмакратычнай Беларусі пачала выступ цытатай з Адама Міцкевіча «О, Літва, мая айчына», у якой знакаміты пісьменнік-эмігрант выказаў горыч страты айчыны і горкі лёс жыцця ў эміграцыі. Гэта страта вядомая сёння ўсім беларусам – і тым, хто зʼехаў, і хто збіраецца, і хто застаецца ў краіне, але знаходзіцца ва ўнутранай эміграцыі. Але Ціханоўская казала пра вялікую надзею ўсіх беларусаў.

- Я веру, што для нас, беларусаў, нічога не страчана, мы, як і Міцкевіч, у выгнанні навучыліся болей цаніць Беларусь. І я веру, што Беларусь будзе вольнай, будзе дэмакратычнай, і мы абавязкова туды вернемся.

Ціханоўская таксама зазначыла вялікае значэнне культуры, якая дапамагае беларусам быць беларусамі, дзе б яны ні былі. Казала пра вялікае значэнне хатняга выхавання дзяцей беларусамі. Шмат узгадвала знакамітых беларускіх культурных творцаў эміграцыі, якія былі ва ўсе часы, і за межамі Радзімы стварылі знакамітыя творы. Але беларусы працягваюць тварыць і ўдома, і нават у вязніцах. Святлана прачытала верш свайго мужа Сяргея Ціханоўскага, у якім аўтар кажа пра горыч разлукі, пра прагу свабоды, пра тое, што ўсё не дарэмна, хоць і праходзяць дні і гады.

Беларусь жывая, пакуль жывыя людзі, якія размаўляюць і твораць на беларускай мове. А ўсе палітвязні, безумоўна, героі, якія змагаюцца за будучыню сваёй краіны. Пакуль жа, як сказала дырэктарка Вілы Дэцʼюша, як казалі польскія дыпламаты, літаратары, перакладчыкі, Польшча стала домам для мноства беларусаў, дзе яны могуць жыць і тварыць, не губляць сваёй нацыянальнай адметнасці. А для палякаў гэта нагода яшчэ глыбей спазнаць і зразумець сваіх суседзяў, з якімі яны звязаныя і даўняй, і найноўшай гісторыяй.

Казімір Шчадковіч, Беларуская служба Польскага радыё.

Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні». Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні».
Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні». Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні».
Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні» Дні салідарнасці «Культура ў выгнанні»