Міністэрства нацыянальнай адукацыі папрасіла Вышэйшую кантрольную палату пракантраляваць выдаткі на лічбавыя тэхналогіі ў адукацыі. Паводле міністэрстваў Нацыянальнай адукацыі і Навукі і вышэйшай адукацыі, за апошнія два гады былы міністр Пшэмыслаў Чарнэк выдаткаваў больш за 40 мільёнаў злотых на функцыянаванне лічбавага аддзела Навукова-даследчага інстытута адукацыі. Грошы павінны былі быць накіраваны на праект edukacja.gov.pl і індывідуальны адукацыйны профіль Moje indywidualne konto edukacyjne для кожнага вучня ў краіне.
«Праекты не былі рэалізаваныя, а грошы былі выдаткаваныя», – сказала намесніца міністра навукі і вышэйшай адукацыі Марыя Мруўчыньска (Maria Mrówczyńska):
- Праекты не працуюць, а калі працуюць – то з абмежаваннямі. Таксама шмат пытанняў адносна аўтарскіх правоў паасобных праектаў і, наогул, ці былі патрэбныя гэтыя праекты.
Новае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі вырашыла прыпыніць выдаткаванне яшчэ 47 мільёнаў злотых ($11,75 млн) на далейшую дзейнасць Навукова-даследчага інстытута адукацыі.
Адным з выдаткаў Навукова-даследчага інстытута адукацыі была арэнда памяшкання ў цэнтры Варшавы за 100 тысяч злотых ($25 тыс.) у месяц. Там размяшчаўся офіс дырэктара і зрэдку з'яўляліся некаторыя супрацоўнікі, якія звычайна выконвалі свае абавязкі дыстанцыйна. Ёсць там і сучасныя пакоі для кампʼютарнай гульні «Майнкрафт», якімі з 2022 года карысталіся ўсяго пяць разоў.
яс