Польшча і Эстонія хочуць паскарэння перамоваў аб прыняцці Украіны ў Еўрасаюз. Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі кіраўнікоў дыпламатыі абедзвюх краінаў у Варшаве міністр Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski) падкрэсліў, што трэба таксама актывізаваць супрацоўніцтва Украіны і НАТА:
- Трэба працягваць аслабляць расійскую ваенную машыну, уводзіць далейшыя санкцыі, выконваць ужо прынятыя, а Расія павінна несці прававыя, фінансавыя і эканамічныя наступствы сваіх дзеянняў. Мы таксама падтрымліваем сумесныя намаганні па выкарыстанні замарожаных расійскіх актываў для патрэб Украіны і падтрымкі еўраатлантычных памкненняў украінскага грамадства.
Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна прапанаваў сістэму пастаяннай фінансавай падтрымкі Украіны з боку партнёраў:
- Эстонія прапанавала хаўруснікам, каб кожны штогод ахвяраваў 0,25 працэнта свайго ВУП на ваенную падтрымку Украіны. Калі б мы ўсе пагадзіліся, гэта азначала б дадатковую падтрымку ў памеры 120 мільярдаў еўра. Гэтага будзе дастаткова, каб адштурхнуць агрэсара ў Расію і выйграць вайну.
Перамовы кіраўнікоў дыпламатыі Польшчы і Эстоніі тычыліся і іншых пытанняў, звязаных з бяспекай абедзвюх краін, у тым ліку ў сферы энергетыкі і агульнага парадку дня ў Еўрасаюзе.
IAR/аз