Беларуская Служба

Грузавікі на мяжы з Беларуссю чакаюць 14 гадзін, на выезд ва Украіну – больш за тыдзень

25.02.2024 11:15
Чэргі на мяжы з Украінай – вынік пратэстаў польскіх фермераў.
Чарга да мяжыShutterstock/Roman Korotkov

На польска-беларускім памежным пераходзе Карошчын-Казловічы 650 грузавікоў чакаюць 14 гадзін, паведаміла Нацыянальная падатковая Польшчы.

На пераходзе Тарэспаль-Брэст пасажырскія аўтамабілі на памежны кантроль чакаюць прыблізна адну гадзіну, паведамляецца на сайце granica.gov.pl

На перасячэнне польска-ўкраінскай мяжы ў Дарагуску грузавікі чакаюць больш за восем з паловай дзён. На выезд з Польшчы чакае 450 фур.
У Грабенным кіроўцам даводзіцца чакаць мытнага афармлення чатыры дні, у чарзе 540 фур. У Далгабычаве час чакання афармлення складае амаль трое сутак, чакае 180 грузавікоў, а ў Зосіне ў чарзе стаяць 40 фур.

Чэргі на мяжы з Украінай – вынік пратэстаў польскіх фермераў. Прапускаюць максімум два грузавікі ў гадзіну і гуманітарную дапамогу.

За апошнія суткі на ўсіх памежных пераходах у Люблінскім ваяводстве – у абодвух напрамках – мытнікі і падаткавікі аформілі больш за 2300 грузавых і больш за 3200 легкавых аўтамабіляў.

яс