Беларуская Служба

Заўтра жыхарам і гасцям Варшавы лепш не ехаць у цэнтр горада на аўтамабілі

26.02.2024 14:48
Самым надзейным відам транспарту будзе метро.
. 27      .
Ілюстрацыя. 27 лютага ў Варшаве будуць пратэставаць фермеры. Фота: Shutterstock/ Alexandra Lande

У аўторак у польскай сталіцы будуць пратэставаць фермеры. Пратэсты аграрыяў пачнуцца ў 11 гадзін паводле мясцовага часу. Арганізатар паведаміў аб удзеле прыкладна 10 тысяч чалавек, хаця ўдзельнікаў можа быць больш. Дэманстрацыя пачнецца на Плошчы парадаў (Plac Defilad). Потым аграрыі пройдуць па цэнтральных вуліцах да Сейма і Канцылярыі прэм’ер-міністра.

Віцэ-мэр Варшавы Міхал Альшэўскі заявіў, што давядзецца перакрыць частку некаторых вуліц. Ён паведаміў, што паліцыя, гарадская варта і супрацоўнікі Цэнтра бяспекі і антыкрызіснага кіравання будуць пастаянна сачыць за сітуацыяй. Прадстаўнікі сталічнай мясцовай улады заявілі, што маршрут аўтобусаў і трамваяў будзе змяняцца ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

Намеснік старшыні Варшаўскага цэнтра бяспекі Яраслаў Мішталь раіць заўтра не ехаць у цэнтр горада на аўтамабілі. Ён падкрэсліў, што самым надзейным відам транспарту будзе метро. І паведаміў, што пры неабходнасці рух трамваяў таксама будзе прыпынены.

Пратэстоўцы патрабуюць спыніць пастаўкі прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны з Украіны. Яны таксама выступаюць супраць абмежаванняў Еўрасаюза на раслінаводства і жывёлагадоўлю.

IAR/нг