Беларуская Служба

З суддзі Шмыта, які збег у Беларусь, знялі статус недатыкальнасці

09.05.2024 18:35
Дысцыплінарны суд Польшчы пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе зняў недатыкальнасць з суддзі Томаша Шмыта.
Sędzia Tomasz Szmydt podpisał w Mińsku swoją rezygnację z funkcji sędziego warszawskiego WSA
Sędzia Tomasz Szmydt podpisał w Mińsku swoją rezygnację z funkcji sędziego warszawskiego WSAx/@SebastianPiton

Пра гэта паведаміў журналістам міністр юстыцыі, генеральны пракурор Адам Боднар. Ён дадаў, што заява аб зняцці імунітэту з суддзі Томаша Шмыта з'яўляецца падставай для выдачы ордара на яго арышт.

Адам Боднар не выключыў, што варта разгледзець змены ў рэжыме неабмежаванага доступу суддзяў і пракурораў да сакрэтнай інфармацыі. Да гэтага прымушае сітуацыя, з якой мы маем справу ў Польшчы і Еўропе.

— Гэта настолькі важная і далікатная праблема, што мы не павінны выкідваць дзіця разам з вадой. Бо неабходна сумяшчаць інтарэсы незалежнасці судовай улады з аднаго боку і бяспекі дзяржавы з другога. Нас чакае сур'ёзная дыскусія на гэтую тэму сярод супольнасці суддзяў, грамадзянскай супольнасці, і тых інстытуцый дзяржавы, якія адказныя за бяспеку, — сказаў Адам Боднар.

Нацыянальная пракуратура пачала расследаванне датычнасці суддзі Ваяводскага адміністрацыйнага суда ў Варшаве Томаша Шмыта да дзейнасці замежнай выведкі.

Два дні таму суддзя папрасіла палітычнага прытулку і абароны ў Беларусі. У кожным інтэрв'ю Томаш Шмыт агучвае прэтэнзіі Польшчы,  усхваляе Беларусь і Расію. Польскія ўлады не хаваюць, што паездка Шмыта ў Беларусь і ягонае нібыта супрацоўніцтва з расійскімі службамі — гэта сур'ёзная сітуацыя. Шмыт, у тым ліку, выносіў суды ў справах, звязаных з сакрэтнай інфармацыяй, працаваў у Міністэрстве юстыцыі і офісе Нацыянальнай судовай рады.

IAR/вх