Беларуская Служба

Стварэнне новай базы спецвойск ЗША ў Польшчы з'яўляецца гарантыяй нашай бяспекі – Анджэй Дуда

18.05.2024 15:49
Гэта першая такога роду база ў Польшчы і самая ўсходняя пастаянная база амерыканскіх спецсіл у Еўропе.
         13
Новая база спецсіл ЗША адкрытая ў вёсцы Баліцы ў 13 км ад Кракавакрыніца: twitter.com/MON_GOV_PL

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што стварэнне новай базы спецыяльных войск ЗША ў Польшчы з'яўляецца гарантыяй бяспекі краіны. Падчас візіту ў Італію польскі кіраўнік падкрэсліў, што гэта сведчыць аб лаяльнасці Злучаных Штатаў і сур'ёзным стаўленні да сваіх абавязацельстваў па 5-м артыкуле дамовы НАТА, заснаваным на прынцыпе «адзін за ўсіх, усе за аднаго».

«Амерыканская ваенная прысутнасць значна ўмацоўвае нашу бяспеку сёння. Гэта таксама гарантыя, як неаднаразова падкрэсліваў прэзідэнт Джо Байдэн, што 5-ы артыкул працуе. Амерыканская прысутнасць з'яўляецца фізічным доказам таго, што амерыканскі бок сур'ёзна ставіцца да сваіх абавязацельстваў і што, калі нешта здарыцца, мы можам быць упэўненыя, што кожная пядзя польскай зямлі, а таксама зямлі, якая ўваходзіць у Паўночнаатлантычны альянс, будзе абароненая», - падкрэсліў Дуда.

Новая база спецсіл ЗША адкрытая ў вёсцы Баліцы ў 13 км ад Кракава. База атрымала назву Camp Miron у памяць аб польскім салдаце Міраславе «Міроне» Луцкім, які загінуў у Афганістане.

На базе на пастаяннай аснове будзе знаходзіцца 150-200 амерыканскіх салдат і афіцэраў. Гэта першая такога роду база ў Польшчы і самая ўсходняя пастаянная база амерыканскіх спецсіл у Еўропе.

Таксама сёння прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск агучыў план абароны і стрымлівання «Шчыт «Усход».

вс