Былы суддзя Томаш Шмыт меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі з дзвюх крыніц: са спраў у Ваяводскім адміністрацыйным судзе і з г.зв. «скандала нянавісці», заявіў намеснік кіраўніка Мінюста Аркадзіюш Мырха (Arkadiusz Myrcha).
«Цяпер пракуратура праводзіць праверку ягонай дзейнасці на прадмет шпіянажу, гэта значыць злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу, і прааналізуе ўсе доказы. Як доказы, захаваныя ў ягонай кватэры, так і апытанні сведак, якія будуць здольныя адказаць на пытанне, з якога часу, у якім полі была супраца з замежнай выведкай», – сказаў Аркадзіюш Мырха.
На пытанне аб судовых справах, па якіх выносіў рашэнне Шмыт (ён быў суддзёй у Ваяводскім адміністрацыйным судзе і меў доступ да сакрэтнай інфармацыі), намеснік кіраўніка Мінюста адказаў, што запыт ягоных рашэнняў быў зроблены і цяпер яны аналізуюцца перш за ўсё спецслужбамі на прадмет інфармацыі, якую Шмыт атрымаў падчас сваёй судовай працы.
«Але ў выпадку з прафесіяй суддзі няма такога камфорту, што можна выбіраць ці адбіраць сабе справы. Тут справы размяркоўваюцца, хаця факт такі, што той аддзел, у якім цягам апошніх год ён працаваў, гэта адзел, дзе разглядаюцца справы надзвычай адчувальныя для бяспекі дзяржавы. З таго, што ведаем, кожны выпадак аналізуцца індывідуальна», – дадаў ён.
Ён таксама падкрэсліў, што Шмыт меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі з дзвюх крыніц. «З аднаго боку, гэта яго праца ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе, а з другога – заангажаванне ў скандале на глебе нянавісці, праца ў міністэрстве і ў Юрыдычным бюро Нацыянальнай судовай рады. Адзначым, працуючы ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе, ён меў доступ да індывідуальных спраў супрацоўнікаў і іншых асоб, у гэтай дзейнасці, у скандале нянавісці, неаднаразова выкарыстоўваліся канфідэнцыяльныя даныя суддзяў з іх прыватнага жыцця, тое, што вынікала з файлаў, сабраных у міністэрстве», – сказаў намеснік міністра.
На яго думку, Томаш Шмыт мае «вельмі ўнікальныя веды». «Ён мог атрымаць вельмі адчувальную, інтымную інфармацыю пра многіх людзей, якія сёння працуюць, яна сёння магла б стаць прадметам абмену», – падкрэсліў ён.
Намесніку кіраўніка Мінюста таксама задалі пытанне наконт заявы прэмʼер-міністра Дональда Туска аб стварэнні камісіі па расійскім уплыве. Урад плануе прыняць адпаведны праект на гэтым тыдні, калі пачне працу і камісія.
«Гэта павінна і будзе экспертная камісія», – адказаў Мырха. Ён дадаў, што перад экспертамі камісіі будзе ўскладзена задача суправаджэння бягучай дзейнасці спецслужбаў.
Справа Томаша Шмыта набыла розгалас, калі 6 траўня суддзя 2-га дэпартамента Адміністрацыйнага ваяводскага суда ў Варшаве выступіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Дзяржаўнае беларускае агенцтва БелТА паведаміла, што ён звярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай аб «ахове і абароне». Суддзя абвясціў, што сыходзіць у адстаўку са сваёй цяперашняй пасады ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе. Шмыт пачаў выступаць у беларускіх і расійскіх СМІ і паўтараць тэзісы мясцовай прапаганды.
9 траўня Дысцыплінарны суд пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе пазбавіў суддзю недатыкальнасці, дазволіў яго затрыманне і часовы арышт, а таксама адхіліў ад выканання абавязкаў. Неўзабаве пасля гэтага стала вядома, што старшыня Вярхоўнага адміністрацыйнага суда прыняў публічную заяву Шмыдта аб адстаўцы з пасады суддзі з неадкладным уступленнем у сілу.
PAP/вх