Беларуская Служба

У Кракаве пахавалі кампазітара, лаўрэата прэміі «Оскар» Яна А.П. Качмарэка

25.05.2024 16:54
Ён напісаў музыку каля 70 мастацкіх і дакументальных фільмаў. 
  .
Цырымонія пахавання кампазітара. Фота: PAP/Łukasz Gągulski

У суботу аматары музыкі, родныя і сябры развіталіся з Янам А.П. Качмарэкам. Кампазітар, лаўрэат прэміі «Оскар» за музыку да фільма «У пошуках Неверленд» памёр 21 мая. Яго пахавалі ў Алеі заслужаных на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

Падчас пахавальнай цырымоніі выступіў міністр культуры і нацыянальнай спадчыны, былі зачытаныя лісты прэзідэнта Рэспублікі Польшча і спікера Сенату. Выступіла і ўдава памерлага. Ад імя творчых колаў з кампазітарам развітаўся дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры. Выступоўцы падкрэслівалі ўклад Качмарэка ў развіццё польскай і сусветнай культуры і звярталі ўвагу на спадчыну, якую ён пакінуў пасля сябе. Урачыстасці суправаджаліся выкананнем музыкі яго аўтарства. На могілках прагучаў ганаровы залп.

Ян Анджэй Павел Качмарэк нарадзіўся ў 1953 годзе ў Коніне. Вывучаў права ў Познані. Значную частку жыцця правёў у ЗША. Апошнія гады ён жыў у Кракаве, дзе і памёр ад рэдкага захворвання пад назвай MSA - множнай сістэмнай атрафіі.

Напісаў музыку каля 70 мастацкіх і дакументальных фільмаў. У 2005 годзе за музыку да фільма «У пошуках Неверленд» атрымаў прэмію Оскар. За мастацкую працу быў удастоены таксама іншых узнагарод: між іншым, Рыцарскага крыжа ордэна Адраджэння Польшчы і залатога медалю «За заслугі перад культурай Gloria Artis».

PAP/нг

Памёр Ян Качмарэк, адзін з найлепшых польскіх кампазітараў кіно

21.05.2024 14:36
Ён напісаў музыку да больш чым 70 мастацкіх і дакументальных фільмаў, а таксама да польскіх і амерыканскіх тэатральных спектакляў.