Украінцу, якога падазраюць у правакацыі, падбухторванні да шпіянажу і крымінальных пагрозах супраць паляка, пагражае ад 8 гадоў да пажыццёвага зняволення. 26-гадовага Аляксандра Д. на пачатку сакавіка затрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі і Памежнай службы. Учора яму выставілі абвінавачанне.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы Яцэк Дабжыньскі(Jacek Dobrzyński) паведаміў, што ўкраінец праз мэсэнджар заахвочваў грамадзяніна Польшчы да ўдзелу ў дзейнасці замежнай разведкі супраць Польшчы:
- Згаданая дзейнасць павінна была зводзіцца да перадачы здымкаў польскай вайсковай тэхнікі, якая ў дадзеным часе была задзейнічаная ў акцыях перадачы дапамогі Украіне і перасякала польска-ўкраінскую мяжу. У замен за прадастаўленне згаданай інфармацыі паляку прапанавалі 15 тысяч еўра.
Пракурор запатрабаваў часовага арышту для ўкраінца. Раённы суд у Любліне падтрымаў згаданае хадайніцтва, у сувязі з сур’ёзным характарам абвінавачванняў і вырашыў пра арышт абвінавачанага тэрмінам у тры месяцы.
«Сабраныя ў ходзе расследавання матэрыялы не пакідаюць сумненняў у вінаватасці абвінавачанага», – дадаў Яцэк Дабжыньскі.
IAR/аз