У сталіцы Чэхіі дамовіліся, у тым ліку, узмацніць пасланне адносна будучага сяброўства Украіны ў Альянсе.
Чакаецца, што на ліпеньскім саміце НАТА ў Вашынгтоне таксама будзе прынята рашэнне аб стварэнні механізму фінансавай падтрымкі абароны Украіны. Чакаецца, што ён будзе каштаваць сорак мільярдаў долараў у год, і палову гэтай сумы будуць пакрываць ЗША.
Перамовы ў Празе тычыліся таксама дыверсійнай дзейнасці Расіі ў краінах НАТА.
«Аказваецца, падпалы, з якімі мы маем справу ў Польшчы, адбываюцца і ў іншых саюзных краінах. Я падзяліўся тым, што мы робім у гэтым плане, гэта значыць абмяжоўваем магчымасць перамяшчэння расійскіх дыпламатаў па нашай тэрыторыі», – абвясціў Радаслаў Сікорскі.
Польскі міністр паведаміў саюзнікам пра напады на польскіх жаўнераў на польска-беларускай мяжы.
«Я ахарактарызаваў гэта як частку гібрыднай атакі на Польшчу і НАТА, але я быў не адзін. Пра тое ж казалі міністры замежных спраў Фінляндыі і краін Балтыі. У Эстоніі расіяне нават знялі памежныя буі з эстонскага боку на мяжы».
Радаслаў Сікорскі паведаміў, што Польшча плануе падрыхтаваць украінскі атрад з грамадзян гэтай краіны, якія пражываюць у Польшчы. Гэта людзі, якія падлягаюць прызыву ва ўкраінскае войска. Міністр дадаў, што гэта больш бяспечнае і эфектыўнае рашэнне ў параўнанні з магчымай адпраўкай трэніровачнай місіі ва Украіну.
яс/IAR