За хуткі пачатак перамоваў аб сяброўстве ў Еўразвязе з Украінай і Малдовай выступілі 12 краінаў, у прыватнасці Польшча. Ліст з такім заклікам падпісалі міністры па справах Еўропы гэтых краін. Акрамя польскага міністра Адама Шлапкі подпісы пад афіцыйным заклікам паставілі яго калегі з Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Літвы, Латвіі, ФРГ, Партугаліі, Румыніі, Славаччыны і Славеніі, а таксама Швецыі, – паведамляе карэспандэнтка Польскага радыё Беата Пламецкая:
- Прыйшоў час для рашэнняў, падкрэсліваюць у лісце міністры 12 краін. На іх думку, пачатак перамоваў аб сяброўстве стане дадатковай матывацыяй для Украіны і Малдовы. Яны звярнулі ўвагу на драматычную сітуацыю ва Украіне, якая змагаецца з расійскімі акупантамі, а таксама на будучыя прэзідэнцкія выбары і восеньскі рэферэндум у Малдове аб далучэнні да ЕЗ.
Яны нагадалі пра папярэднія дамоўленасці лідараў ЕЗ на сакавіцкім саміце і іх заклік як мага хутчэй узгадніць перамоўныя рамкі для Украіны і Малдовы. Скліканне міжурадавай канферэнцыі стала б пачаткам перамоваў аб далучэнні.
УЕЗ дагэтуль няма адзінства ў гэтым пытанні, бо Венгрыя блакуе рашэнне. Улады ў Будапэшце, якіх даўно крытыкавалі за прарасійскую пазіцыю, цяпер выкарыстоўваюць аргумент непавагі да правоў нацыянальных меншасцяў ва Украіне, у прыватнасці, вугорскай.
У пятніцу, 7 чэрвеня, гэтае пытанне зноў абмяркуюць амбасадары 27 краін ЕЗ. Дата пачатку перамоваў з Украінай і Малдовай ужо прызначана на 25 чэрвеня. Аднак не выключана, што Вугоршчына дачакаецца саміту ў канцы месяца і толькі тады дасць зялёнае святло.
З 1 ліпеня працу ЕЗ узначаліць Вугоршчына, таму ёсць вялікая верагоднасць, што тэма пашырэння знікне з парадку дня і вернецца толькі ў студзені, калі старшынства ў ЕЗ пяройдзе да Польшчы.
iar/эж