Адзін з вызваленых ізраільскіх закладнікаў мае польскае грамадзянства, паведаміў амбасадар Ізраіля ў Польшчы Якаў Ліўнэ. «Адзін з закладнікаў, выратаваных сёння ў Сектары Газа ізраільскімі сіламі абароны – гэта Альмог Меір Ян, грамадзянін Ізраіля і Польшчы», – напісаў ён у сацыяльных сетках.
На гэтую навіну адрэагаваў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. «Брава, Армія абароны Ізраіля», – напісаў міністр у сацсетках. Ён таксама выказаў надзею на вяртанне ўсіх закладнікаў і на справядлівы мір паміж Ізраілем і Палестынай.
Ізраільскай арміі ўдалося вызваліць чатырох закладнікаў, выкрадзеных арганізацыяй ХАМАС 7 кастрычніка мінулага года.
Вызваленыя – трое мужчын і жанчына ва ўзросце ад 21 да 40 гадоў. Ізраільскае войска паведамляе, што іх стан здароўя добры.
IAR/аз