«Яны будуць мець адпаведную экіпіроўку для асабістай бяспекі, напрыклад, паліцэйскія падчас сутычак з групамі агрэсіўна настроеных людзей», – сказаў Чэслаў Мрочэк, намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі.
Госць Polskie Radio 24 падкрэсліў, што ўжо некалькі месяцаў Польшча мае справу з узмацненнем ціску на мяжы з Беларуссю.
– Мы прымаем адпаведныя меры. Барʼеры, пабудаваныя нашымі папярэднікамі, не эфектыўныя. Прыблізна на 800 мільёнаў злотых мы мадэрнізуем агароджу на мяжы, удасканалім электронны шлагбаум і пабудуем дарогу ўздоўж мяжы, каб нашы службы маглі больш эфектыўна рэагаваць. На некаторыя задачы мы ўжо завяршылі тэндар, – сказаў Чэслаў Мрочэк.
Новая тактыка салдат на мяжы. «Трэба рыхтавацца да існых пагрозаў»
Намеснік кіраўніка МУС падкрэсліў, што неабходна ўнесці змены ў тактыку дзеянняў салдат і афіцэраў.
– У іх будзе адпаведная экіпіроўка з пункту гледжання індывідуальнай абароны. Гаворка ідзе пра сродкі індывідуальнай абароны, якія выкарыстоўваюць супрацоўнікі паліцыі падчас сутыкненняў з групамі агрэсіўна настроеных людзей, што маюць пры сабе небяспечныя прадметы. Набыты вопыт мы будзем выкарыстоўваць на мяжы. Да гэтага часу салдаты і афіцэры не мелі спецыяльнай ахоўнай экіпіроўкі, у тым ліку шаломаў. На мяжы мы не маем справы з вайной, у якой праціўнік выкарыстоўвае агнястрэльную зброю. Трэба рыхтавацца да тых пагроз, якія існуюць. Да гэтага часу гэта не было зроблена належным чынам, мы гэта зменім. Адсюль прапанова накіраваць АМАП і ваенную паліцыю для непасрэдных дзеянняў, – растлумачыў Мрочэк.
Ці будуць змены ў заканадаўстве? Тлумачыць намеснік кіраўніка МУС
Не выключаныя змены адпаведных нарматыўных актаў.
– Асноўная адказнасць за ахову мяжы ляжыць на афіцэрах памежнай службы. Закон аб памежнай ахове прадугледжвае, што супрацоўнікі могуць выкарыстоўваць сродкі прамога прымусу. Калі іх падтрымліваюць вайскоўцы, а яны ёсць, яны маюць такія ж паўнамоцтвы на прымяненне прамых мер прымусу. Мы аналізуем рэгламент на прадмет сумневаў на гэты конт. Прававая аснова быццам бы правільная. Урад сёння прааналізуе меркаванне Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Міністэрства нацыянальнай абароны. Калі ўзнікне неабходнасць змяніць нарматыўныя акты, гэта будзе зроблена неадкладна, – сказаў намеснік кіраўніка МУС.
Чэслаў Мрочэк таксама запэўніў у пастаяннай падтрымцы афіцэраў і жаўнераў.
– Яны павінны ўсведамляць, што закон дазваляе выкарыстоўваць сродкі прамога прымусу. Таму ніякіх негатыўных наступстваў яны не панясуць, – рэзюмаваў Чэслаў Мрочэк, намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.
Паводле Agnieszka Drążkiewicz/PR24/вх