Беларуская Служба

У Польшчы арыштавалі беларуску, раней асуджаную за шпіянаж на карысць Расіі

20.06.2024 11:34
Ёй засталося некалькі месяцаў да канца пакарання, пасля чаго яе могуць дэпартаваць.
Польскі судDarSzach/ Shutterstock

У Польшчы арыштавалі грамадзянку Беларусі, раней асуджаную на 1 год і 1 месяц пазбаўлення свабоды за шпіянаж на карысць Расіі. Ёй засталося некалькі месяцаў да канца пакарання, пасля чаго яе могуць дэпартаваць, піша mostmedia.io.

У канцы 2023 года ў судзе беларуска прызнала віну і пагадзілася на добраахвотнае адбыццё тэрміну пакарання. Пасля абвяшчэння прысуду яе адпусцілі на свабоду да часу адбыцця пакарання – да таго моманту яна знаходзілася за кратамі каля дзевяці месяцаў. Марыя М. падавала хадайніцтва пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але не з'явілася ў варшаўскі суд, які меў прыняць рашэнне. Таму нядаўна польскія СМІ паведамілі, што яна «знікла». Але хутчэй за ўсё беларуска не хавалася, бо прыходзіла на суд падтрымаць свайго маладога чалавека Уладзіслава П., разгляд справы якога працягваецца.

У выніку суд вырашыў вярнуць Марыю М. пад варту.

Удзельнікі расійскай шпіёнскай сеткі былі затрыманыя ў Польшчы ў сакавіку мінулага года. Яны за грошы збіралі інфармацыю пра абʼекты крытычнай інфраструктуры (іх асабліва цікавілі вайсковыя абʼекты і марскія парты), рыхтавалі дыверсіі (планавалі ўзарваць цягнік са зброяй для Украіны), займаліся прарасійскай прапагандысцкай дзейнасцю (распаўсюджвалі ўлёткі, налепкі, малявалі графіці).

Іх прыгаварылі ў снежні мінулага года ў Любліне. Па гучнай справе праходзілі 16 чалавек: адзін расіянін, трое грамадзян Беларусі, астатнія – украінцы. Усе падсудныя прызналі сваю віну і добраахвотна пагадзіліся на «ўзгодненае пакаранне» яшчэ да суду.

Згаданы Уладзіслаў П., а таксама адзін украінец, адклікалі згоду на добраахвотнае адбыццё пакарання, таму іх справу вылучылі ў асобную.

вс