Беларуская Служба

Канцэрн Orlen набывае долю ў Паўночным моры

25.06.2024 17:02
Гэта дазволіць Orlen атрымаць доступ да рэсурсаў, якія ацэньваюцца ў больш чым 65 мільёнаў барэляў нафтавага эквіваленту.
   Orlen
Польскі паліўны канцэрн OrlenShutterstock/MOZCO Mateusz Szymanski

Orlen Group вырашыў набыць 20-працэнтную долю ў радовішчы Atlantis у Паўночным моры, адным з найбуйнейшых адкрыццяў на нарвежскім кантынентальным шэльфе за апошнія дзесяць гадоў. Партнёрства з Source Energy дазволіць Orlen праз сваю кампанію PGNiG Upstream Norway атрымаць доступ да рэсурсаў, якія ацэньваюцца ў больш чым 65 мільёнаў барэляў нафтавага эквіваленту, у асноўным прыроднага газу ў аб'ёме прыкладна 1,5 мільярда кубічных метраў.

У канцэрне паведамляюць, што гэтая інвестыцыя зʼяўляецца ключавым элементам стратэгіі ORLEN, накіраванай на забеспячэнне стабільных паставак прыроднага газу на польскі рынак. Здабытая сыравіна будзе накіроўвацца ў Польшчу па газаправодзе Baltic Pipe. Здзелка ўсё яшчэ патрабуе адабрэння Міністэрства энергетыкі Нарвегіі, але пасля яе завяршэння PGNiG Upstream Norway стане другім акцыянерам радовішча Atlantis пасля Equinor, якая зʼяўляецца аператарам гэтага радовішча.

– Запланаванае развіццё рэсурсаў радовішча Atlantis прадугледжвае інтэграцыю з існуючай інфраструктурай, такой як платформа радовішча Kvitebjørn або платформа радовішча Oseberg, абодва кіруюцца Equinor. Такі падыход накіраваны на зніжэнне эксплуатацыйных выдаткаў і выкідаў вуглякіслага газу, звязаных з работамі, -гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Тэрыторыя вакол радовішча Atlantis таксама зʼяўляецца абʼектам актыўнай разведкі, што дае надзею на дадатковыя адкрыцці, якія могуць павысіць аперацыйную і фінансавую эфектыўнасць інвестыцый ORLEN. Усё гэта робіць набыццё долі радовішча Atlantis ключавым крокам у доўгатэрміновай стратэгіі кампаніі, накіраванай на ўстойлівае развіццё і энергетычную незалежнасць Польшчы, канстатуюць у канцэрне.

ав/прэс-матэрыялы Orlen