Беларуская Служба

У Польшчы з’явілася прапанова павялічыць тэрмін пражывання ў краіне, пасля якога іншаземец зможа падаваць на польскае грамадзянства

06.05.2025 09:31
Палітык: Іншаземцы, якія легальна жывуць і працуюць на тэрыторыі Польшчы, павінны інтэгравацца ў польскае грамадства. 
Польскі пашпарт Shutterstock/PaulSat

Іншаземец, які пастаянна і легальна пражывае ў Польшчы, павінен прасіць грамадзянства краіне не праз тры, а праз 10 гадоў пражывання, - такую прапанову агучыў у Любліне старшыня парламенцкай фракцыі права-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць» Мар’юш Блашчак. Пра гэта палітык сказаў падчас сустрэчы з выбаршчыкамі.

Блашчак паведаміў, што адпаведныя прапановы ўтрымліваюцца ў праекце зменаў у Закон аб польскім грамадзянстве, які партыя падала ў прэзідыум Сейму. Старшыня фракцыі спадзяецца, што праект зменаў будзе разгледжаны на бліжэйшым паседжанні парламенту.

Блашчак сказаў, што іншаземцы, якія легальна жывуць і працуюць на тэрыторыі Польшчы, павінны інтэгравацца ў польскае грамадства. Паводле яго слоў, 10 гадоў – гэта менавіта той час, які дазволіць на інтэграцыю ў грамадства краіны, грамадзянства якой замежнік хоча атрымаць.

«Права і справядлівасць» – буйнейшая апазіцыйная партыя Польшчы. Да парламенцкіх выбараў восені 2023 года цягам васьмі гадоў яна фармавала ўрад краіны.

вс