Беларуская Служба

Ва Вроцлаве параўналі мігрантаў з Беларусі і Украіны: адных аднеслі да «прагрэсіўных», іншых — да «кансерватыўных»

25.05.2025 12:12
Прадстаўнікі Вроцлаўскага ўніверсітэта правялі даследаванне аб патрэбах і пажаданнях мігрантаў з Беларусі і Украіны і выявілі значныя адрозненні паміж імі.
.
.Shutterstock

Даследаванне праводзілася ў 2022-2023 гадах, але было апублікавана некалькі тыдняў таму. На публікацыю звярнула ўвагу «Салідарнасць».

Грамадзян Украіны ва Вроцлаве на канец 2021 года пражывала 60-80 тысяч чалавек, пасля пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі іх колькасць павялічылася да 250 тысяч. Гэта значыць кожны трэці жыхар Вроцлава зараз з'яўляецца ўкраінцам.

Другой па колькасці, «але, відаць, малапрыкметнай нацыянальнасцю», як пішуць даследчыкі, з'яўляюцца беларусы. У мінулым годзе іх колькасць у Ніжняй Сілезіі ацэньвалася ў амаль 10 тысяч чалавек.

У 2022-2023 гадах украінцаў і беларусаў апыталі наконт іх чаканняў і патрабаванняў у адносінах да горада і яго жыхароў, каб даведацца пра іх гатоўнасць узяць на сябе ролю «грамадзян горада». Даследчыкі апыталі каля 900 чалавек.

Чым адрозніваюцца мігранты з Беларусі і Украіны?

Па выніках апытанняў аўтары даследавання адзначаюць, што для прадстаўнікоў дзвюх дыяспар важна, каб Вроцлаў быў экалагічным горадам. Але ў многіх іншых пытаннях іх чаканні ўсё ж адрозніваюцца.

Апытаныя мігранты з Беларусі прынялі рашэнне міграваць у асноўным з эканамічных прычын і рэалізавалі загадзя распрацаваны міграцыйны план (які быў хутчэй выбарам, чым прымусам) — прафесійная праца (часта падрыхтаваная перад ад'ездам), прысутнасць суайчыннікаў і выкананне паўсядзённых спраў у гістарычна прывабным горадзе.

У сваім бачанні горада і ў вызначэнні ўласнай ролі ў ім яны хутчэй прагрэсіўныя, чым кансерватыўныя — яны часцей фармулююць чаканні, якія паказваюць на прызнанне неабходнасці будаўніцтва горада, добрага для жыцця, як з пункту гледжання інфраструктуры, эканомікі, так і грамадства, гаворыцца ў публікацыі.  Для мігрантаў-беларусаў таксама важны сацыяльны ўдзел, інстытуцыяналізаванасць. Прагрэсіўнасць, якая характарызуе мігрантаў з Беларусі, звязана з постматэрыялістычнымі каштоўнасцямі Гэтыя людзі мяркуюць, што было б добра, каб у будучыні Вроцлаў стаў «экагорадам» і горадам мыслення.

Мігрантаў з Украіны аўтары даследавання характарызуюць як больш кансерватыўных, чым прагрэсіўных. Для іх Вроцлаў быў у першую чаргу месцам прытулку ад вайны і горадам, адкрытым для замежнікаў, з магчымасцямі для працы і адукацыі.

Для ўкраінцаў важна пачуццё бяспекі, як фізічнай, сацыяльнай, так і эканамічнай, у прыватнасці.  Іх даволі кансерватыўны настрой ідзе поруч з арыентацыяй на матэрыялістычныя каштоўнасці — яны чакаюць сацыяльнай падтрымкі ад уладаў, у прыватнасці, у выглядзе будаўніцтва жылля (сацыяльнага і муніцыпальнага) і рэалізацыі палітыкі інтэграцыі. Таксама ўкраінцы чакаюць асаблівага стаўлення з боку прымаючай супольнасці (пазітыўная дыскрымінацыя) — абыходжаннем з мігрантамі з асаблівымі правамі і наяўнасцю шматмоўных шыльдаў у грамадскіх месцах. Адначасова яны застаюцца гатовымі да сацыяльнага ўдзелу, але такога, які адбываецца ў непасрэднай прасторы (супольнасць, звязаная з месцам пражывання — суседзі, жылы масіў), або сярод членаў сваёй уласнай этнічнай супольнасці.

У даследаванні адзначаецца, што атрыманы партрэты мігрантаў дазваляюць зрабіць выснову аб іх гатоўнасці «ўзяць на сябе ролю грамадзяніна горада».

вх