Беларуская Служба

У Варшаве пройдзе сустрэча маладых палякаў – прадстаўнікоў польскай нацменшасці з розных краін свету. Рэгістрацыя адкрытая

04.06.2025 07:04
Удзел у мерапрыемстве могуць прыняць маладыя людзі ва ўзросце 18-30 гадоў, якія жывуць за межамі Польшчы і якія лічаць сябе палякамі. 
Моладзьshutterstock/Ground Picture

Сусветная сустрэча польскай моладзі замежжа Polonia Camp 2025 пройдзе 17-20 ліпеня бягучага года ў Варшаве. Спатканне маладых палякаў з розных краін свету адбудзецца ў кампусе варшаўскай Галоўнай школы сельскай гаспадаркі. Ганаровым патронам мерапрыемства з’яўляецца старшыня Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.

Гэта першая такога тыпу сустрэча, на якую чакаецца прыезд 1 тыс. удзельнікаў: студэнтаў, актывістаў і прадпрымальнікаў, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца з радзімай сваіх продкаў.

Мэта сустрэчы – інтэграцыя маладога пакалення палякаў з розных краін, умацаванне сувязяў з гістарычнай радзімай і нацыянальнай ідэнтыфікацыі польскай моладзі, пашырэнне ведаў пра гісторыю Польшчы і дасканаленне польскай мовы. Акрамя таго, на мерапрыемстве будзе магчымасць атрымання інфармацыі наконт вучобы ў польскіх ВНУ і бізнес-супрацоўніцтва.

Удзел у мерапрыемстве могуць прыняць маладыя людзі ва ўзросце 18-30 гадоў, якія жывуць за межамі Польшчы і якія лічаць сябе палякамі. Рэгістрацыя – па спасылцы.

Арганізатар Polonia Camp 2025 забяспечвае харчаванне і пражыванне ў Варшаве, а таксама вяртае кошт праезду (пасля заканчэння мерапрыемства пасля прад’яўлення білетаў на самалёт, цягнік, паром альбо аўтобус). Удзельнік сустрэчы аплочвае страхоўку і візавыя выдаткі.

вс