Агенцтва ўзбраенняў Польшчы анулявала тэндар на закупку 32 шматфункцыянальных верталётаў S-70i Black Hawk для Узброеных сіл краіны. Гэтыя машыны павінны былі папоўніць арсенал Сухапутных войскаў і працаваць у звязцы з баявымі верталётамі Apache, заказанымі раней. Як паведамляецца, рашэнне было прынята ў сувязі са «змяненнем прыярытэтаў і дынамічнай сітуацыяй з бяспекай».
Інфармацыя пра спыненне тэндару ўпершыню з’явілася ў паведамленні Польскага радыё і была пацверджана прадстаўніком Агенцтва ўзбраенняў, падпалкоўнікам Гжэгажам Полякам, у каментары Польскаму агенцтву друку.
— Адбыліся істотныя змены абставін, якія робяць правядзенне тэндару або выкананне замовы неапраўданым з пункту гледжання грамадскіх інтарэсаў, — патлумачыў ён, падкрэсліўшы, што гэтыя абставіны было немагчыма прадбачыць раней.
Прадстаўнік Агенцтва дадаў, што структура закупаў вызначаецца Цэнтральнымі рэсурснымі планамі, якія фармулююцца Генеральным штабам Войска Польскага. Менавіта Генштаб вызначае прыярытэты ў рамках развіцця Узброеных сіл і планаў закупак. — Мы павінны выконваць задачы, якія маюць найвышэйшы прыярытэт у дадзены момант, — адзначыў Поляκ.
Пакуль што закуп адкладзены, але Агенцтва ўзбраенняў застаецца гатовая аднавіць працэс у выпадку прыняцця адпаведнага рашэння.
S-70i Black Hawk — гэта экспартная версія амерыканскіх шматмэтавых верталётаў, якая вырабляецца на польскім заводзе PZL Mielec, што належыць карпарацыі Lockheed Martin. Гэтыя машыны выкарыстоўваюцца як замежнымі, так і польскімі заказчыкамі — у прыватнасці, паліцыяй (5 адзінак) і Спецыяльнымі войскамі (8 адзінак).
Ануляваная замова прадугледжвала пастаўку 32 верталётаў для Сухапутных войскаў, з мэтай іх узаемадзеяння з амерыканскімі баявымі машынамі AH-64E Apache, якія былі заказаныя ў 2023 годзе. Абедзве платформы павінны былі стаць асновай новых аператыўных магчымасцей ваеннай авіяцыі Сухапутных войскаў Польшчы.
Пакуль невядома, ці будзе тэндар адноўлены, і калі гэта можа адбыцца.
эж