Беларуская Служба

Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала маладых мужчын, якія рыхтавалі тэракт у школе

12.06.2025 09:36
Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала траіх мужчын, якія рыхтавалі тэрарыстычны акт у школе ў Ольштыне. 
ABW
ABWgov.pl

Двое былі арыштаваныя, а да трэцяга ўжытыя меры прафілактыкі, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Як паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Яцэк Дабжынскі, супрацоўнікі прадстаўніцтва Агенцтва ўнутранай бяспекі ў Ольштыне затрымалі 19-гадовага мужчыну, падазраванага ў падрыхтоўцы акту тэрарыстычнага характару. Раней былі затрыманыя двое яго аднагодкаў. Усім ім прад'яўленыя абвінавачванні ў рамках расследавання, якое кантралюе раённая пракуратура ў Ольштыне.

Затрыманыя планавалі тэрарыстычны акт у школе ў Ольштыне. Іх натхніў Брэйвік.

Пракуроры ўстанавілі, што падазраваныя збіралі ў Інтэрнэце інфармацыю аб выкарыстанні агнястрэльнай зброі, стральбе і правядзенні баявых дзеянняў на адкрытых пляцоўках і ў закрытых памяшканнях. Яны наведвалі стральбішчы і праводзілі ваенна-тактычную падрыхтоўку. Было ўстаноўлена, што мужчыны збіралі піратэхнічныя рэчывы і інструкцыі па вырабе выбуховых сістэм.

Падазраваныя натхняліся дзейнасцю такіх масавых забойцаў, як Андэрс Брэйвік, Брэнтан Таррант і Цімаці Маквей. Яны былі зачараваныя іх ідэямі, аналізавалі спосабы правядзення нападаў і памылкі, якія яны рабілі. Кантэнт, які яны вывучалі, паўплываў на фарміраванне ў іх надзвычай радыкальных маральных поглядаў, заявіў Яцэк Дабжынскі.

Падазраваным было прадʼяўлена абвінавачанне, сярод іншага, у здзяйсненні злачынстваў паводле артыкула 168 Крымінальнага кодэкса ў сувязі з артыкулам 163 і артыкулам 255а. Двое мужчын былі часова арыштаваныя, а ў дачыненні да трэцяга акруговы суд у Ольштыне прымяніў меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Справа працягваецца.

IAR/вх