Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк выступіў з заклікам скасаваць кантроль на межах унутры Шэнгенскай зоны. Апошнімі гадамі ўсё больш краін зноў уводзяць частковы або выбарачны памежны кантроль.
З такой заявай міністр выступіў падчас урачыстасцяў з нагоды 40-й гадавіны стварэння Шэнгенскай зоны, якія прайшлі ў невялікім мястэчку Шэнген у Люксембургу на мяжы трох краін: Люксембургу, Францыі і ФРГ. Польшча далучылася да Шэнгенскай зоны ў снежні 2007 года.
— Для мільёнаў людзей, якія за «жалезнай заслонай» не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перасякаць межы, Шэнген стаў ажыццяўленнем мары. Таму мы заклікаем усе краіны, што захоўваюць унутраны памежны кантроль у ЕС, адмовіцца ад яго. Шэнген — гэта нешта большае, чым праца розных ведамстваў. Калі мы хочам, каб еўрапейцы падтрымлівалі Еўрасаюз і яго каштоўнасці, звязаныя са свабодамі, мы павінны іх захаваць.
Шэнгенскую дамову ўпершыню падпісалі ў 1985 годзе пяць краін — Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Францыя і Германія.
Агулам у яе склад уваходзяць 29 краін — 25 дзяржаў ЕС, а таксама Ісландыя, Нарвегія, Швейцарыя і Ліхтэнштэйн. Членамі Шэнгенскай зоны з ЕС не з'яўляюцца Кіпр і Ірландыя, якія ўдзельнічаюць у Шэнгенскай зоне часткова, але пры гэтым праводзяць памежны кантроль.
IAR/эж