Толькі 13,2% украінцаў, якія жывуць у Польшчы, жадаюць застацца тут назаўсёды, і то пры ўмове, што сітуацыя будзе стабільнай – вынікае з даследавання Gremi Personal. На думку экспертаў, гэта сур'ёзная пагроза польскай эканоміцы, асабліва будаўніцтву і прамысловасці.
Даследаванне Gremi Personal ахапіла 1560 грамадзян Украіны, якія пражываюць у Польшчы. З даследавання вынікае, што хоць 80% апытаных маюць стабільную працу, толькі 11% з іх адчуваюць сябе цалкам інтэграванымі.
Украінцы адзначаюць, што бар'ерам для інтэграцыі з'яўляецца не мова і не адсутнасць дакументаў, а пачуццё непрыняцця. Амаль палова ўдзельнікаў апытання прызнаецца, што ніколі ці амаль ніколі не кантактуе з палякамі па-за працай, а ажно 69% сутыкнуліся з прадузятасцю ці ігнараваннем.
45,3% апытаных заявілі, што не ведаюць, ці застануцца ў Польшчы — рашэнне залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя. 17,9% плануюць вярнуцца ва Украіну, як толькі там стане бяспечна. Яшчэ 10,4% заяўляюць, што разглядаюць сваё знаходжанне ў Польшчы як часовае. Толькі 13,2% хочуць застацца назаўсёды, калі сітуацыя будзе стабільнай.
Намеснік генеральнага дырэктара Gremi Personal Даміян Гузман (Damian Guzman) падкрэслівае, што вынікі даследавання выразна паказваюць, што ўкраінцы не чакаюць прывілеяў ці грамадзянства, каб прызнаць Польшчу сваёй краінай.
—Ім патрэбна стабільнасць, пачуццё прыняцця і права быць часткай грамадства — не толькі як супрацоўнікі, але і як суседзі, кліенты і бацькі дзяцей у школах.
Украінцы часцей за ўсё выбіраюць Канаду, Іспанію і Партугалію ў якасці мэтавай эміграцыі з-за спрыяльнай міграцыйнай палітыкі гэтых краін. З іншага боку, Германія і Вялікабрытанія прыцягваюць аб'ёмам прапанаваных сацыяльных ільгот.
яс