Навучальны год 2024/2025 падыходзіць да канца. Упершыню на працягу гэтага года польскія школы працавалі паводле новых стандартаў абароны непаўналетніх. І хаця яны былі ўведзеныя дзеля бяспекі дзяцей, на практыцы выклікалі мноства праблем - чытаем на сайце Forsal.
Педагогі і бацькі школьнікаў сутыкнуліся з неадназначнасцю нормаў: незразумелымі працэдурамі, дадатковымі выдаткамі, а таксама патрабаваннем даведак аб несудзімасці нават для тых, хто толькі часова дапамагае ў школе (напрыклад, суправаджае клас з настаўнікам падчас школьнай экскурсіі). Пытанні выклікала і выкананне здымкаў дзецям падчас школьных мерапрыемстваў, і традыцыйнае ўручэнне падарункаў настаўнікам.
Паводле рэкамендацый, забаронена прымаць падарункі ад дзяцей і іх бацькоў, калі яны перавышаюць сімвалічны кошт. Скажам, кветкі ці шакалад – можна, але дарагія падарункі, напрыклад, ювелірныя вырабы або боны на нейкі адпачынак – гэта ўжо недапушчальна.
Упершыню сумневы на гэты конт паявіліся перад Днём настаўніка (афіцыйна — Днём адукацыі 14 кастрычніка), які традыцыйна суправаджаецца ўручэннем падарункаў педагогам і правядзеннем канцэртаў, у часе якіх дзеці паказваюць мастацкія нумары, а фатаграфаванне — звычайная частка падзеі. Аднак згодна з вызначанымі рэкамендацыямі адносна бяспечных узаемадачыненняў педагогаў і вучняў, забараняецца прымаць грошы ці падарункі ад дзяцей і іх апекуноў. Таксама забаронена дазваляць трэцім асобам фіксаваць выявы дзяцей, калі пра гэта не быў загадзя праінфармаваны дырэктар школы, не было атрымана яго згоды, а таксама згоды апекуноў і саміх дзяцей.
Міністэрствы юстыцыі і адукацыі абвясцілі, што нормы будуць зменены. Для бацькоў і валанцёраў замест даведкі аб несудзімасці будзе дастаткова пісьмовай дэкларацыі. Але пытанні падарункаў і фотаздымкаў застануцца па-за межамі зменаў. Таму на заканчэнне года ўсім варта праяўляць асцярожнасць і здаровы сэнс.
нг