Польшча ўводзіць кантроль на мяжы з Германіяй і Літвой з-за мігрантаў. Такое рашэнне прыняў польскі ўрад. Праверкі пачнуцца ў панядзелак, 7 ліпеня.
Адначасова кіраўніцтва краіны хоча разабрацца з польскімі правымі радыкаламі, якія арганізавалі на нямецкай мяжы атрады добраахвотнікаў. Паводле арганізатараў ініцыятывы, іх мэта – прадухіліць высылку з Германіі нелегальных мігрантаў, хоць з боку цэлая акцыя выглядае на самапіар і элемент палітычнай барацьбы.
«Мы лічым неабходным часовае аднаўленне кантролю на польска-нямецкай мяжы, каб абмежаваць і звесці да мінімуму некантралюемыя патокі мігрантаў», – сказаў Туск, дадаўшы, што аналагічныя праверкі будуць праводзіцца і на польска-літоўскай мяжы. Ён прызнаў, што гэтае рашэнне «цягне за сабой пэўныя наступствы ў плане свабоды перамяшчэння людзей», але «іншага шляху няма».
Дональд Туск адзначыў, што папярэджваў Берлін аб падрыхтоўцы да аднаўлення памежнага кантролю яшчэ ў сакавіку. Польскі прэм'ер быў незадаволены тым, што нямецкія памежнікі, паводле яго слоў, вяртаюць у Польшчу мігрантаў, якія ў Германіі просяць прытулак. «Цярпенне Польшчы ў гэтым пытанні на зыходзе, асабліва пасля змен, якія ўскладняюць спробы высветліць, ці сапраўды асобы, якія вяртаюцца ў Польшчу, павінны сюды трапляць», – заявіў Туск.
Паводле міжнароднага права, нелегальны мігрант павінен быць вернуты ў краіну, з якой прыбыў. Часта аднак мігранты не маюць ніякіх дакументаў, таму вызначэнне краіны адпраўлення даволі складанае. Польскія СМІ сёння паведамілі, што нямецкія памежнікі высылаюць у Польшчу мігрантаў, у якіх знойдуць касавы чэк з польскай крамы. Паводле немцаў, гэта доказ таго, што іншаземец прыбыў з Польшчы, хоць насамрэч такую практыку можна паставіць пад сумнеў.
На працягу некалькіх тыдняў зʼяўлялася інфармацыя аб перавозцы імігрантаў нямецкай памежнай службай на тэрыторыю Польшчы без фармальнага абгрунтавання. У гэтай сітуацыі на мяжы з Германіяй пачалі зʼяўляцца польскія так званыя грамадзянскія патрулі, якія перашкаджалі гэтаму. Іх арганізатарамі сталі нацыяналістычныя сілы, вострыя апаненты сённяшніх польскіх улад. Здаралася, што яны перашкаджалі працы польскіх памежнікаў і паліцыі, былі непрыемныя і нават агрэсіўныя. Прычым часта такога роду акцыі здымаліся на відэа і пазней траплялі ў інтэрнэт і эфір тэлевізій правай арыентацыі, у сувязі з чым можа складвацца ўражанне, што прынамсі часткова іх мерапрыемствы – гэта элемент самапіару і палітычнай барацьбы.
Тое, што робяць гэтак званыя грамадзянскія патрулі, скрытыкаваў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён зазначыў, што акцыі падтрымліваюць палітыкі правых сіл.
- Гэта ганьба і скандал, калі палітыкі, у тым ліку будучы прэзідэнт, трымаюць дыстанцыю адносна нашых службаў, напрыклад, Памежнай службы. І адначасова становяцца патронамі радыкалаў, які дэзарганізуюць службу памежнікаў, уключна з атакай на супрацоўніцу Памежнай службы.
Пры гэтым большасць польскіх палітычных сіл, якія засядаюць у парламенце краіны, пазітыўна выказваюцца пра рашэнне ўраду адносна аднаўлення кантролю на мяжы з Германіяй.
Дэпутат кіруючай «Грамадзянскай кааліцыі» Марʼюш Вітчак у інтэрвʼю Польскаму радыё адзначыў, што рашэнне аб часовым увядзенні кантролю на мяжы з Германіяй павінна павысіць узровень бяспекі заходняй мяжы Польшчы, а кантроль на мяжы з Літвой неабходны для эфектыўнага спынення нелегальнай міграцыі праз мяжу з Беларуссю:
- Мы радыкальна ўмацавалі гэтую мяжу, мы яе зрабілі шчыльнай. Мы таксама зрабілі больш жорсткімі крытэры выдачы візаў, таму што раней яны былі самымі ліберальнымі ў Еўрасаюзе. Цяпер у нас праблема ў тым, што пасля таго, як мы ўмацавалі ўсходнюю мяжу, міграцыйны ціск перамясціўся на беларуска-літоўскую мяжу. А потым праз Літву мігранты трапляюць на тэрыторыю Польшчы і далей пранікаюць у Германію.
Рашэнне польскага ўраду падтрымлівае таксама апазіцыя, хоць з пэўнай агаворкай – умацаваць мяжу трэба было раней, кажуць апазіцыйныя палітыкі. З іншага боку, вядома, што ў дэмакратычнай краіне задача апазіцыі – крытыкаваць кіруючыя сілы і паказваць на іх памылкі.
Дэпутат ад апазіцыйнай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць» Яцэк Сасін у размове з Польскім радыё сказаў, што рашэнне аб памежным кантролі добрае, хоць і прынятае са спазненнем.
- Запозненае, вельмі запозненае рашэнне, але вельмі неабходнае, беручы пад увагу абставіны. Я лічу, што ўрад паддаўся ціску апазіцыі. Мы вельмі моцна звярталі ўвагу на тое, што на такі крок неабходна пайсці пры дзеяннях нямецкага боку.
Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск запэўніў, што ўсе службы – памежнікі, паліцыя і вайсковая жандармерыя – будуць працаваць разам, каб аднавіць поўны кантроль на мяжы і ў той жа час даць пачуццё бяспекі жыхарам прыгранічных гарадоў, якое было парушанае нелегальнымі мігрантамі і так званымі грамадзянскімі патрулямі.
Туск таксама зазначыў, што рашэнне мае часовы характар, але польскі бок усведамляе яго наступствы для грамадзян, таму Памежная служба атрымала адпаведныя распараджэнні. Паводле прэм’ера, дзеянні на мяжы трэба звесці да мінімуму, каб кантроль не перашкаджаў у нармальным перамяшчэнні тавараў і людзей.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл