Беларуская Служба

З моманту ўзнаўлення Польшчай кантролю на мяжы з Літвой і Германіяй правераныя дакументы ў 227 тыс. чалавек

20.07.2025 16:23
Праверка дакументаў і транспартных сродкаў адбываецца выбарачна.
Супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы і чыгуначнай паліцыі на адной з пагранічных станцыйКрыніца: x.com/Straz_Graniczna

З моманту ўзнаўлення Польшчай кантролю на мяжы з Літвой і Германіяй супрацоўнікі Памежнай службы праверылі дакументы ў 227 тыс. чалавек і 106 тыс. транспартных сродкаў. Дзякуючы вяртанню кантролю ўдалося затрымаць падазраваных у дапамозе нелегальным мігрантам і адмовіць ва ўездзе ў Еўрасаюз грамадзянам замежных дзяржаў, якія не мелі адпаведных дакументаў, паведаміў прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы падпалкоўнік Анджэй Юзвяк.

- За дапамогу ў нелегальным пераходзе мяжы былі затрыманыя 10 чалавек. Гэта былі гэтак званыя кур’еры, якія спрабавалі перакінуць іншаземцаў, што нелегальна перасеклі граніцу, ад літоўскай мяжы ў заходнюю Польшчу. З моманту ўвядзення часовага кантролю на двух межах агулам было адмоўлена ва ўездзе ў Польшчу 80 іншаземцам. Прычынай адмовы была адсутнасць дакументаў на права перасячэння мяжы.

Праверка дакументаў і транспартных сродкаў адбываецца выбарачна, сказаў падпалкоўнік Юзвяк. Разам з памежнікамі службу на граніцы нясуць салдаты і афіцэры Войска Польскага ды супрацоўнікі паліцыі.

Рэжым часовага кантролю на польска-нямецкай і польска-літоўскай межах пачаў дзейнічаць 7 ліпеня. Супрацоўнікі працуюць на 52 пунктах на мяжы з Германіяй і 13-ці – з Літвой.

вс