Беларуская Служба

Міністр абароны Польшчы: У Асінах мог упасці дрон 

20.08.2025 12:34
У высвятленні абставінаў здарэння Польшча супрацоўнічае з Румыніяй, якая ўжо мае досвед у падобных сітуацыях.
     , ,   , 20  2025 .
Месца падзення і выбуху невядомага аб'екту, Асіны, Люблінскае ваяводства, 20 жніўня 2025 г. PAP/Wojtek Jargiło

Уначы, 20 жніўня, у Асінах, Лукаўскага павета Люблінскга ваяводства, мог упасці дрон, паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, удакладніўшы, што ведамства вывучае ўсе магчымыя сцэнарыі.

«Сістэмы радыёлакацыі, паводле папярэдняга аналізу, не зафіксавалі парушэння паветранай прасторы. Але гэта не азначае, што мы не будзем далей гэта правяраць. Адна з гіпотэз, якую трэба разглядаць, — магчыма, гэта быў дрон, які разбіўся. Пакуль не выяўлена прыкмет, які сведчаць пра яго ваенны характар, таму таксама не варта выключаць версію, што гэта можа быць беспілотнік кантрабандыстаў», — сказаў міністр, адзначыўшы, што не адкідваецца магчымасць акта сабатажу. 

У высвятленні акалічнасцяў удзельнічаюць усе экстранныя службы разам з войскам, Агенцтвам унутранай бяспекі, Службай ваеннай контрвыведкі, пракуратурай, паліцыяй і вайсковай жандармерыяй. Польшча таксама супрацоўнічае з Румыніяй, якая ўжо мае досвед у падобных сітуацыях.

IAR/PAP/эж