Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў у сераду падчас Форуму мясцовага самакіравання ў Закапанэ, што ў цяперашні час няма неабходнасці размарожваць абавязковую вайсковую службу, звярнуўшы ўвагу на высокую цікавасць да добраахвотнай службы.
«Я не бачу неабходнасці размарожваць абавязковую вайсковую службу сёння. Яна прыпыненая, таму такая магчымасць заўсёды існуе», – сказаў віцэ-прэмʼер Касіняк-Камыш. Ён адзначыў, што колькасць добраахвотнікаў у Польшчы ў цяперашні час большая, чым у многіх еўрапейскіх краінах, якія разглядаюць або ўводзяць абавязковую вайсковую службу.
Ён падкрэсліў, што ў Польшчы існуе добраахвотная вайсковая служба.
«У гэтым годзе, калі падсумаваць усе віды ваеннай падрыхтоўкі, якія завяршаюцца прысягай і паступленнем на службу ва Узброеныя сілы Польшчы – як на прафесійную службу, у Сілах тэрытарыяльнай абароны (СТО), так і ў рэзерв, – гэта прыблізна 54 тысячы чалавек: 35 тысяч – на добраахвотнай службе, 10 тысяч салдат тэрытарыяльнай абароны і каля 10 тысяч удзельнікаў праграмы «Вакацыі з арміяй», – пералічыў ён.
Міністр нацыянальнай абароны таксама адзначыў значнае павелічэнне айчыннай вытворчасці боепрыпасаў. «За два гады MESKO павялічыла вытворчасць боепрыпасаў малога калібра з 50 мільёнаў да 250 мільёнаў патронаў штогод», – падкрэсліў ён. «Гэта велізарны скачок, які задавальняе патрэбы ў індывідуальным рыштунку салдат і ваеннаслужачых», – дадаў міністр абароны.
Віцэ-прэмʼер таксама адзначыў, што дзякуючы Закону аб заводах па вытворчасці амуніцыі чакаецца, што вытворчыя магутнасці боепрыпасаў калібра 155 мм павялічацца ў трыццаць разоў. Тры заводы, фінансаваныя ў памеры 3 мільярдаў злотых, прызначаны для забеспячэння незалежнасці Польшчы ў вытворчасці гэтага ключавога калібра.
ав