Польшча афіцыйна ўключылася ў барацьбу на размяшчэнне новага Мытнага агенцтва Еўрапейскага Саюза ў Варшаве. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск накіраваў у Еўрапейскую камісію адпаведны запыт, падкрэсліўшы, што структура павінна дзейнічаць у краіне са стратэгічным геаграфічным становішчам і вялікім досведам аховы знешніх межаў ЕС.
Дональд Туск адзначыў, што польскія аўтамабільныя, чыгуначныя і марскія пункты пропуску адыгрываюць ключавую ролю ў гандлі паміж ЕС і трэцімі краінамі. Гэта, паводле палітыка, дазваляе Польшчы лепш за іншых разумець сучасныя выклікі, якія стаяць перад мытным саюзам.
«Польская мытная адміністрацыя — сучасная і эфектыўная. Тут служаць вопытныя і матываваныя супрацоўнікі», — лічыць Дональд Туск. Палітык таксама дадаў, што Варшава — гэта «сэрца моцнай Польшчы, якая актыўна ўдзельнічае ў справах Еўрасаюза», і можа стаць таксама сэрцам еўрапейскай мытнай службы і сталіцай бяспечных межаў ЕС.
У Варшаве ўжо знаходзіцца Агенцтва ЕС па ахове знешніх межаў Frontex. Еўракамісія цяпер праверыць усе заяўкі і перадасць іх дзяржавам-членам і Еўрапарламенту для канчатковага рашэння.
iar/эж