Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш запэўніў, што прыняцце бясплатных машын Stryker з ЗША не ўяўляе пагрозы для айчыннай прамысловасці, ці для праграм, якія рэалізуюцца польскімі кампаніямі. Віцэ-прэм'ер адказаў на каментарыі, якія з'явіліся пасля таго, як Міністэрства нацыянальнай абароны пацвердзіла жаданне амерыканцаў даць Польшчы гэтыя машыны. Паводле слоў міністра, прапанова ЗША — гэта, перш за ўсё, дэманстрацыя даверу да Польшчы.
—Калі хтосьці хоча даць нам абсталяванне бясплатна, і гэта наш саюзнік, — гэта дэманстрацыя даверу.
Другі аспект, які падкрэсліў міністр нацыянальнай абароны, — гэта патрэбы вайскоўцаў. Фармуюцца новыя падраздзяленні, салдат становіцца ўсё больш, і патрэбы ў зброі павялічваюцца. «Салдаты прагнуць абсталявання і навучання», — адзначыў палітык. Міністр абароны абвясціў, што калі прапанова будзе спрыяльнай, Польшча яе прыме. Амерыканскае абсталяванне дазволіць нашым салдатам праходзіць навучанне і знаёміцца з саюзніцкай зброяй.
Уладзіслаў Косіняк-Камыш прывёў украінскі прыклад і пачатковыя праблемы з выкарыстаннем заходняга абсталявання.
— Таму я разглядаю амерыканскую прапанову як магчымасць; я не бачу ніякіх пагроз для нашых планаў закупак або развіцця нашай зброевай прамысловасці.
Паводле інфармацыі Польскага радыё, якую пацвердзіла кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны, амерыканцы прапануюць бясплатна перадаць Польшчы каля 250 машын Stryker, якія ў цяперашні час знаходзяцца на ўзбраенні войск, размешчаных у Еўропе, у першую чаргу ў Германіі. Урад ЗША прапануе перадачу ў рамках уласнай праграмы дапамогі саюзнікам EDA.
Генеральны штаб Узброеных сіл Польшчы падрыхтаваў папярэдні аналіз амерыканскай прапановы. Ваенныя далі прапанове зялёнае святло, але яшчэ хочуць ацаніць абсталяванне з пункту гледжання яго тэхнічнай якасці і баявой прыдатнасці для польскіх падраздзяленняў.
ПР/юл