Беларуская Служба

У Польшчы быў арыштаваны расійскі археолаг, які знаходзіўся ў вышуку ўкраінскіх службаў

11.12.2025 13:00
«Падобныя палітызаваныя дзеянні не маюць перспектыў і не застануцца без наступстваў», – прыгразіла Польшчы прэс-сакратарка МЗС Расіі.
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/CC7

Расійскі археолаг, які ўваходзіць у склад кіраўніцтва Эрмітажа – найбуйнейшага ў Расіі і аднаго з найбуйнейшых у свеце мастацкіх і культурна-гістарычных музеяў, які размяшчаецца ў Санкт-Пецярбургу – часова арыштаваны на тэрыторыі Польшчы, пацвердзіў прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў.

Аляксандр Б. знаходзіўся ў вышуку ўкраінскіх службаў. Мужчына быў арыштаваны падчас паездкі ў Еўропу. Польскі бок чакае запыту на экстрадыцыю ад украінскай пракуратуры, дадаў Яцэк Дабжыньскі (Jacek Dobrzyński):

- У 2014- 2019 гадах ён праводзіў нелегальныя археалагічныя раскопкі на акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны. Украінская пракуратура звярнулася па дапамогу ў польскую пракуратуру, якая, у сваю чаргу, даручыла затрыманне мужчыны Агенцтву ўнутранай бяспекі.

Ва Украіне расіяніну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Падчас допыту ў варшаўскай пракуратуры мужчына адмовіўся даваць паказанні.

Між тым, Масква прыгразіла Польшчы наступствамі за затрыманне расійскага навукоўца. «Мы спадзяемся, што Польшча зразумее абсурднасць абвінавачванняў у адрас паважанага расійскага навукоўца», – заявіла Марыя Захарава.

«Падобныя палітызаваныя дзеянні не маюць перспектыў і не застануцца без наступстваў», – дадала прэс-сакратарка МЗС Расіі.

IAR/аз