Сёння ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё праходзіць фінал грандыёзнай 24-й дабрачыннай акцыі «Ялінкі Адзінкі».
Да 19:15 можна рабіць стаўкі на дзесяць малюнкаў, створаных школьнікамі спецыяльна для аўкцыёну. Сабраныя сродкі будуць накіраваны людзям у патрэбе праз фонд вядомай актрысы Анны Дымнай (Anna Dymna) "Mimo wszystko» («Супраць няўдач»).
«Чым больш грошай мы збяром, тым больш людзей будзе ўсміхацца. Я так рада, што вы ўжо плануеце, што і за колькі хочаце купіць. Дзякуй вам вялікі. Я вельмі шчаслівая».
На аўкцыёне «Ялінкі Адзінкі» можна таксама рабіць стаўкі на ахвяраваныя слухачамі рэчы і сустрэчы са знакамітасцямі.
Сярод іншага, можна зрабіць стаўку на трэніроўку з тэнісісткай Агнешкай Радваньскай, на чай са спявачкай Ірэнай Сантар, на сустрэчу са спявачкай Санах ці на прагулку па Кракаве са спеваком Віктарам Валігурай.
Дзякуючы атрыманым сродкам, фонд імя Анны Дымнай «Супраць няўдач» зможа развіваць дзейнасць цэнтра адпачынку ў Любятове, дзе людзям з інваліднасцю забяспечваецца догляд, а іх апекунам — бацькам — адпачынак.
IAR/яс