Беларуская Служба

Больш за 180 мігрантаў прайшлі праз тунэль з Беларусі ў Польшчу

12.12.2025 13:03
Тунэль даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў пад памежным плотам і тэхнічнай дарогай меў вышыню прыблізна 1,5 метра.
Польскія снайперы на мяжы з Беларуссюфота: Dowództwo Generalne Rodzajów Sił Zbrojnych

У чацвер больш за 180 замежнікаў прайшлі ў Польшчу праз тунэль, пракапаны пад мяжой з Беларуссю, паведаміла Памежная служба. Колькасць мігрантаў была вызначана з дапамогай электронных сістэм.

Неўзабаве пасля інцыдэнту супрацоўнікі Памежнай службы затрымалі больш за 130 мігрантаў. Пошукі астатніх працягваюцца.

Інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар Памежнай службы падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк. Ён паведаміў, што ў чацвер каля Нараўкі ў Падляшскім рэгіёне супрацоўнікамі Памежнай службы быў выяўлены тунэль, пракапаны пад польска-беларускай дзяржаўнай мяжой.

 «Тунэль даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў пад памежным плотам і тэхнічнай дарогай меў вышыню прыблізна 1,5 метра. Яго ўваход, схаваны ў лесе, знаходзіўся прыблізна за 50 метраў з беларускага боку мяжы, а выхад — прыблізна за 10 метраў ад мяжы з польскага боку», — сказаў Юзьвяк.

Ён дадаў, што дзякуючы электронным сістэмам супрацоўнікі памежнай службы хутка вызначылі, што праз тунэль за кароткі прамежак часу ў Польшчу прайшло больш за 180 замежнікаў.

«Сярод затрыманых замежнікаў былі ў асноўным грамадзяне Афганістана і Пакістана, а таксама грамадзяне Індыі, Непала і Бангладэша», — адзначыў ён.

Падпалкоўнік Юзьвяк дадаў, што супрацоўнікі памежнай службы затрымалі двух кіроўцаў: 69-гадовага жыхара Малапольскага ваяводства і 49-гадовага грамадзяніна Літвы, якія прыехалі забраць мігрантаў. Мяркуецца, што мужчыны мелі адвезці замежнікаў у Заходнюю Еўропу.

Памежная служба паведаміла, што гэта ўжо чацвёрты тунэль пад польска-беларускай мяжой, выяўлены ў гэтым годзе супрацоўнікамі Падляскага падраздзялення памежнай службы.

PAP/яс