Намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка паведаміў агенцтву PAP, што 109 палітычных зняволеных, дэпартаваных з Беларусі ва Украіну, сёння ўвечары пераедуць у Польшчу. Чакаецца, што некаторыя з іх неадкладна адправяцца ў іншыя краіны, у тым ліку ў Літву.
У суботу беларускія ўлады вызвалілі 123 зняволеных, 114 з якіх былі пераведзены ва Украіну, а дзевяць – у Літву.
«Групы палітычных зняволеных, вызваленых 13 снежня, павінны прыбыць сёння ўвечары. Яны прыбудуць у Польшчу з тэрыторыі Украіны. Гэта будзе 109 чалавек, якіх прымуць, сярод іншых, Польшча і Літва. Большасць з іх плануюць застацца ў Польшчы», – сказаў Павел Латушка.
Ён падкрэсліў, што вызваленыя пададуць заяву на міжнародную абарону, як таго патрабуе міжнароднае права і еўрапейскія працэдуры легалізацыі замежнікаў. Імёнаў асоб, якія прыбудуць у Польшчу ён не назваў.
У сваю чаргу, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Мацей Вевюр паведаміў, што з групы 109 чалавек, якія прыедуць у Польшчу, 22 адразу ж адправяцца ў Літву.
«Невялікая частка з астатніх 87 асоб, якія прыбудуць у Польшчу сёння, ужо заявіла, што пазней працягнуць свой шлях у іншыя еўрапейскія краіны. Аднак пераважная большасць плануе застацца ў Польшчы, часткова таму, што ў іх тут ёсць члены семʼяў», – сказаў прадстаўнік МЗС Польшчы.
PAP/аз