Беларуская Служба

Польшча перадае рэшту сваіх знішчальнікаў МіГ-29 Украіне 

19.12.2025 16:12
МіГ-29 працягваюць несці службу на базе ў Мальбарку, адкуль, у прыватнасці, вылятаюць дзеля выканання задачы па перахопе  расійскіх самалётаў, якія з’яўляюцца над Балтыйскім морам.
-29
МіГ-29 ВПС Польшчы Konwicki Marcin / Shutterstock

Украінская армія гатовая прыняць знішчальнікі МіГ-29, якія цяпер знаходзяцца на ўзбраенні базы ВПС Польшчы ў Мальбарку. Гэта дазволіць больш эфектыўна змагацца з расійскім агрэсарам, заявіў падчас афіцыйнага візіту ў Варшаву прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Польскі ўрад рыхтуе пакет вайсковай дапамогі для Украіны, у межах якога плануецца перадача самалётаў савецкай вытворчасці — МіГ-29 і Су-22. Пры гэтым Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра недахоп такога тыпу ўзбраення ўкраінскай арміі, а пра падрыхтоўку лётчыкаў. Навучанне пілотаў кіраванню знішчальнікамі F-16 займае каля года і праходзіць за акіянам, тады як на самалётах, перададзеных Польшчай, украінскія лётчыкі змогуць лётаць адразу.

«Розніца паміж F-16 і МіГамі ў тым, што мы не губляем час на працяглую падрыхтоўку пілотаў, бо для МіГаў дадатковае навучанне не патрэбнае. Таму, калі ўдасца перадаць гэтыя машыны, мы будзем удзячныя».

Польскі ўрад у каардынацыі з войскам плануе перадаць Кіеву самалёты, якія вычарпалі рэсурс і не падлягаюць далейшай мадэрнізацыі ў Польшчы. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі лічыць, што такі трансфер можа быць выгадным для краіны, калі ўзамен Польшча зможа скарыстацца ўкраінскімі кампетэнцыямі ў сферы беспілотных тэхналогій.

Раней Польшча ўжо перадала Украіне палову свайго парку знішчальнікаў МіГ-29  — 14 машын — у 2023 годзе. Тады МіГ-29 былі выведзеныя з базы ў Мінску-Мазавецкім, а на іх месца паступілі набытыя ў Паўднёвай Карэі знішчальнікі FA-50.

Дагэтуль МіГ-29 працягваюць несці службу на базе ў  Мальбарку, адкуль, у прыватнасці, вылятаюць дзеля выканання задачы па перахопе  расійскіх самалётаў, якія з’яўляюцца над Балтыйскім морам.

iar/pap/эж