У нядзелю ў Беластоку прайшла чарговая акцыя салідарнасці з актывістам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі, і іншымі беларускімі палітычнымі зняволенымі.
Удзельнікі акцыі, патрабавалі вызвалення палітвязняў. Як і кожны месяц у Беластоку, мерапрыемства адбылося ля помніка благаслаўлёнаму айцу Ежы Папялушку, дзе знаходзіцца інсталяцыя з партрэтам Анджэя Пачобута.
Віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі сказаў, што калі некалькі гадоў таму акцыя салідарнасці пачыналася, ніхто не чакаў, што яна будзе працягвацца так доўга. Між тым, заканчваецца чарговы год, а ў Беларусі надалей ёсць палітычныя зняволеныя і працягваюцца рэпрэсіі.
Нагадваем, 13 снежня рэжым у Мінску вызваліў групу са 123 палітычных зняволеных. Сярод іх быў, між іншым, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Іх вызваленне стала вынікам пагаднення са Злучанымі Штатамі Амерыкі.
У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з актывістам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. PAP/Artur Reszko
У інтэрв'ю Польскаму радыё 24 беларускі актывіст Ігар Юрчык прызнаў, што працэс вызвалення палітычных зняволеных праводзіцца ў адпаведнасці з прынцыпамі Аляксандра Лукашэнкі, што ўмацоўвае яго міжнародны аўтарытэт:
- Лукашэнка больш карыстаецца, чым страчвае ў выніку згаданага працэсу. У тым ліку, калі з турмаў вызваляюцца апазіцыйныя лідары, то на свабодзе мы бачым сутыкненне іхных пазіцыяў. Вядома, вынікам гэтага могуць быць пэўныя змены на палітычнай сцэне, а нават крызісы паміж лідарамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі.
Навагдаем, сярод вызваленых 13 снежня Анджэя Пачобута не было. Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. Беларуская пракуратура абвінаваціла яго ў «рэабілітацыі нацызму», «закліках да санкцый і дзеянняў на шкоду Беларусі», «падбухторваннi і распальваннi нянавісці». З траўня 2023 года Пачобут адбывае васьмігадовы тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ў Наваполацку.
У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з актывістам Саюза палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. PAP/Artur Reszko
Учора акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам прайшла таксама ва Уроцлаве.
PAP/IAR/аз