Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі падтрымаў прапанову Германіі адносна гарантый бяспекі пасля заканчэння вайны ва Украіне. У аўторак (6 студзеня) у Парыжы падчас саміту «Кааліцыі жадаючых» Германія прапанавала накіраваць свае войскі ў краіны, якія мяжуюць з Украінай.
Нагадваем, пасля заканчэння вайны Францыя і Вялікабрытанія гатовыя адправіць свае войскі ва Украіну. У сваю чаргу Германія гатовая адправіць сваіх вайскоўцаў у краіны НАТА, якія з Украінай мяжуюць. Верагодна, Берлін мае на ўвазе Польшчу.
«Гэта нічога новага», – пракаментараваў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы ў фармаце «Веймарскага трыкутніка», якая ўчора (7 студзеня) прайшла ў Парыжы.
Палітык нагадаў, што нямецкія войскі даўно ў Польшчы дыслакуюцца, у тым ліку, яны падтрымліваюць абарону Польшчы ў рамках місіі НАТА. Напрыклад, яны ахоўваюць паветраную прастору над аэрапортам у Ясёнцы, праз які ідзе ваенная дапамога для Украіны.
Дарэчы Германія не адзіная краіна, якая бярэ пад увагу павелічэнне сваёй ваеннай прысутнасці ў Польшчы, дадаў Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski):
- Розныя краіны выказалі жаданне знаходжання на тэрыторыі Польшчы ў рамках розных падрыхтоўчых місіяў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра Нарвегію, Францыю… Аднак гэта тэма, якую будуць абмяркоўваць нашыя генштабы.
У Парыжы кіраўнікі дыпламатыі Францыі, Германіі і Польшчы выказаліся за развіццё міжнароднага супрацоўніцтва на карысць бяспекі Еўропы ў тым ліку з Індыяй, якая ўдзельнічала ў сустрэчы «Веймарскага трыкутніка», у якасці госця.
IAR/аз