З гарадка Закапанэ – аднаго з найбольш папулярных месцаў зімовага адпачынку палякаў – мясцовыя ўлады вывезлі ўжо некалькі тысяч тон снегу. Пасля моцных ападкаў брыгады па ўборцы па начах прыбралі снег, які назапасіўся на вуліцах і тратуарах.
Некалькі сотняў грузавікоў белай масы вывезлі на спецыяльныя склады, кажа намеснік мэра Закапанэ Бартломей Брыяк (Bartłomiej Bryjak):
- Некалькі начэй па чарзе праводзілася буйная акцыя па ачыстцы вуліцаў ад снегу. У суткі мы вывазілі нават 3 000 кубаметры снегу, то бок па некалькі тысяч тонаў за ноч.
Начная ўборка снегу каштавала гораду дадатковыя 100 000 злотых (амаль 24 тысячы еўра):
- Сума 100 000 злотых буйная, але яна не асабліва значная, калі гаворка ідзе пра нармальны штогадовы кошт уборкі снегу.
Штомесяц Закапанэ траціць на ўборку снегу 800 тысяч злотых (больш за 189,5 тысячы еўра). За год гэта складае прыкладна 4,5 мільёна злотых (больш за мільён еўра).
IAR/аз