185 млн злотых (каля 43 млн еўра) удалося сабраць падчас 34-га фіналу Вялікага аркестра каляднай дапамогі (Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy, WOŚP), які адбыўся 25 студзеня. Пры гэтым канчатковая сума яшчэ не падлічаная — збор сродкаў працягваецца, а анлайн-аўкцыёны і дабрачынныя лоты застаюцца даступнымі ў інтэрнэце. Аўкцыёны будуць доўжыцца да 9 лютага.
34-ы фінал WOŚP прайшоў пад дэвізам «Здаровыя жывоцікі нашых дзяцей». Сёлета сабраныя сродкі накіруюць на дыягностыку і лячэнне захворванняў страўнікава-кішачнага тракту ў самых маленькіх пацыентаў.
За 34 гады сваёй дзейнасці WOŚP сабраў звыш 2,6 млрд злотых і перадаў дзяржаўным бальніцам па ўсёй Польшчы больш як 81 тысячу адзінак медыцынскага абсталявання. Заснавальнік і кіраўнік WOŚP Ежы Оўсяк падкрэсліў, што такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы паслядоўнай працы фонду і падтрымцы мільёнаў людзей, якія штогод далучаюцца да дабрачыннай акцыі.
iar/pap/ez