Павышэнні ў званні афіцэраў спецслужбаў не павінны выносіцца ў публічную прастору, лічыць генерал у адстаўцы Леан Камарніцкі. На думку вайскоўца, такія спрэчкі шкодзяць сістэме грамадскай бяспекі.
«Калі існуюць нейкія неўрэгуляваныя пытанні, іх трэба вырашаць ціха, у кабінетах. Гэта не павінна выглядаць як праява слабасці дзяржавы, якая ва ўмовах гібрыднай вайны, развязанай Расіяй, становіцца аб’ектам маніпуляцый. Гэта, можна сказаць, паліва для расійскай інфармацыйнай вайны і дэзінфармацыі, якая наносіць велізарную шкоду. Мы гэтага часта не заўважаем — гэта бяскроўная вайна, але яна б’е па свядомасці людзей», — адзначыў генерал Камарніцкі.
З лістапада на прысваенне першага афіцэрскага звання чакаюць 136 супрацоўнікаў Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы і Ваеннай контрвыведкі. Прэзідэнцкая канцылярыя тлумачыла затрымку тым, што прэзідэнт Караль Наўроцкі не атрымліваў дастатковай інфармацыі па пытаннях бяспекі, а кіраўнікі спецслужбаў праігнаравалі нараду ў прэзідэнта. Аднак, паводле ўрада, выклік на нараду быў незаконнай спробай пашырыць прэзідэнцкія паўнамоцтвы.
Цяпер сітуацыя змяняецца: як паведаміў у Сейме віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, заяўкі на павышэнне ў званні будуць узгодненыя на пачатку тыдня і перададзеныя прэзідэнту.
эж