Беларуская Служба

Польшча будзе байкатаваць цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх гульняў

19.02.2026 12:12
Прадстаўнікі Польскага паралімпійскага камітэта не будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў, паведамляе Polsat News.
Ілюстрацыйнае фотаREUTERS

Гэта рэакцыя на тое, што расійскім і беларускім спартсменам дазволілі спаборнічаць пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі. Міністэрства спорту раней прыняло такое ж рашэнне, заявіўшы, што ўдзел спартсменаў гэтых нацыянальнасцяў у запланаваным фармаце «абсалютна непрымальны».

Зімовыя Паралімпійскія гульні пачнуцца 6 сакавіка і працягнуцца да 15 сакавіка. У іх возьмуць удзел трынаццаць польскіх спартсменаў. У аўторак Міжнародны паралімпійскі камітэт абвясціў, што расійскім і беларускім спартсменам будзе дазволена спаборнічаць пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі. Гэтае рашэнне закранае дзесяць спартсменаў: шэсць з Расіі і чатыры з Беларусі.

На бягучых зімовых Гульнях прадстаўнікі Расіі і Беларусі спаборнічаюць пад нейтральным сцягам – таму іх медальныя зборы не прызнаюцца поспехам іх краін. Паралімпійскія кіраўнікі прынялі іншае рашэнне, на што адрэагавала Міністэрства спорту і турызму Польшчы.

«З-за таго, што Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у 14-х зімовых Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Корціна-д'Ампецца выкарыстоўваць сваю дзяржаўную сімволіку, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму не будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця Гульняў», – гаворыцца ў заяве.

Паводле заявы міністэрства, «абсалютна непрымальна», каб расіяне і беларусы выступалі з выкарыстаннем сваіх нацыянальных сцягоў і гімнаў з-за расійскай агрэсіі супраць Украіну і дапамогі, аказаную Крамлю мінскім рэжымам.

У сваю чаргу, намеснік міністра спорту і турызму Пётр Борыс пацвердзіў далучэнне Паралімпійскага камітэту Польшчы да байкоту цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у чацвер у інтэрвʼю Гжэгажу Урбанеку. «Нашы паралімпійскія спартсмены цалкам спачуваюць Украіне і таксама выступаюць супраць рашэння Міжнароднага паралімпійскага камітэту», – сказаў ён.

У сераду прэзідэнт Паралімпійскага камітэту Польшчы рэзка крытыкаваў Міжнародны паралімпійскі камітэт. «Усё гэта вельмі скандальна», – сказаў Лукаш Шэліга ў інтэрвʼю polsatnews.pl.

Паводле слоў прэзідэнта Шэлігі, рашэнне зʼяўляецца вынікам расійскага лобінгу. Чыноўнікі нібыта звярталіся да камітэтаў з менш заможных краін, каб яны прагаласавалі за спартсменаў з Расіі і Беларусі. Сэліга таксама адзначыў у эфіры Polsat News, што спартсмены з гэтых краін былі вызваленыя ад допінг-кантролю з-за дыскваліфікацыі у апошнія гады.

Крыніца: Polsat News/юл