Беларуская Служба

МУС Польшчы: Без праграмы SAFE нашы ведамствы страцяць 1,9 млрд еўра

20.02.2026 13:33
 Прэзідэнт Польшчы пакуль не абвясціў, ці падпіша адпаведны закон.
Ілюстрацыя Фота: tomeqs / Shutterstock.com

Сілавыя ведамствы Польшчы тэрмінова маюць патрэбу ў сродках з праграмы ЕС SAFE, падкрэсліў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі. Закон аб укараненні механізму еўрапейскіх пазык накіраваны ў Сейм пасля прыняцця закона з папраўкамі ў Сенаце. Прэзідэнт Польшчы пакуль не абвясціў, ці падпіша дакумент.

Міністр унутраных спраў папярэдзіў, што ў выпадку прэзідэнцкага вета падначаленыя МУС службы могуць страціць каля 8 млрд злотых (1,9 млрд еўра):

 «Ведамствы, падпарадкаваныя МУСіА, беззваротна страцяць 8 млрд злотых. Неверагодныя сродкі. Хтосьці скажа: гэта толькі адна з многіх праграм. Сілавікі неяк справяцца. Але ў нас сапраўды няма часу. Мы ведаем, што адбываецца за нашай усходняй мяжой. Мы павінны сістэмна ўмацоўваць службы. Гэтыя грошы патрэбныя тут і цяпер. Без палітыканства», — заявіў міністр.

Пасля запуску праграмы SAFE Польшча зможа прыцягнуць да 44 млрд еўра танных крэдытаў на абаронныя патрэбы. Апазіцыя сцвярджае, што еўрапейскае крэдытаванне вымагае больш жорсткіх гарантый празрыстасці. Урад адказвае, што ўмовы накіраваныя на прадухіленне злоўжыванняў, а сродкі, між іншым, пойдуць на развіццё айчыннай абароннай прамысловасці.

iar/эж