Беларуская Служба

Міністарка культуры Польшчы падпісала пратэст супраць удзелу Расіі ў сёлетняй Венецыянскай біенале

11.03.2026 08:02
З-за ўварвання ва Украіну Расія адсутнічала на двух папярэдніх Біенале ў 2022 і 2024 гадах.
Міністарка культуры Марта Цянкоўска PAP/Albert Zawada


Міністарка культуры Марта Цянкоўска падпісала пратэст міністраў з 22 краін супраць удзелу Расіі ў 61-й Венецыянскай міжнароднай мастацкай выставе, паведаміла міністэрства ў аўторак.

У сваім профілі на партале X міністр культуры напісала, што «мастак, які пакорліва служыць злачынцу, становіцца саўдзельнікам яго злачынства», а «культура, якая маўчыць перад абліччам забойства, становіцца культурай смерці і тэрору». Яна дадала, што «палякі асабліва маюць абавязак пратэставаць супраць любой прысутнасці прадстаўнікоў дзяржавы-ізгоя ў месцах, якія маглі б легітымізаваць іх злачынную дзейнасць», – падкрэсліла яна.

Акрамя польскага міністра, сумесны пратэст падпісалі міністры культуры і замежных спраў 21 краіны: Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Харватыі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Ірландыі, Літвы, Латвіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Швецыі і Украіны. Ініцыятарам пратэсту стала Латвія.

Аўтары ліста падкрэсліваюць, што «культурныя ўстановы павінны быць бастыёнам не толькі важнасці і прэстыжу мастацтва, але і маральнай адказнасці».

Ліст адрасаваны прэзідэнту Біенале П'етранджэла Бутафуока і праўленню Біенале. Паводле Міністэрства культуры, пратэст быў перададзены міністру культуры Італіі Алесандра Джулі.

У сваёй заяве Міністэрства культуры Італіі падкрэсліла, што, спасылаючыся на заяву дырэктара Біенале Пʼетранджэла Бутафуока, які абвясціў аб удзеле Расіі і Ірана ў сёлетнім мерапрыемстве, «удакладняецца, што рашэнне аб удзеле Расійскай Федэрацыі было прынята цалкам аўтаномна фондам, нягледзячы на супрацьлеглую пазіцыю ўрада Італіі».

61-я Венецыянская міжнародная мастацкая выстава пройдзе з 9 мая па 22 лістапада.

ав